Вераніка Станкевіч

Вераніка Станкевіч (Veranika Stankevich)
Прадстаўніца па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі
Дата і месца нараджэння:
31 студзеня 1996 года. Баранавічы, Беларусь
Адукацыя:
Скончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Аўдыявізуальныя медыя».
Прайшла праграму «Дыпламаты Новай Беларусі» ў Варшаўскім універсітэце, а таксама базавы і міжнародны курсы Беларускай школы па правах чалавека.
Прафесійная і палітычная дзейнасць:
Вераніка Станкевіч — спецыялістка ў сферы правоў чалавека і гуманітарнай дапамогі з больш чым пяцігадовым досведам падтрымкі людзей, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій, у тым ліку тых, хто перажыў катаванні і іншыя формы жорсткага абыходжання.
У 2022 годзе стала адной з сузаснавальніц ініцыятывы Volnyja, створанай для комплекснай падтрымкі былых беларускіх палітычных зняволеных. Сёння з’яўляецца каардынатаркай арганізацыі і адказвае за яе стратэгічнае і аперацыйнае развіццё.
У межах працы Volnyja займаецца суправаджэннем былых палітычных зняволеных пасля вызвалення, а таксама на розных этапах адаптацыі і рэінтэграцыі. Праца арганізацыі ўключае гуманітарную дапамогу, падтрымку ў вырашэнні жыллёвых і базавых бытавых пытанняў, дапамогу з доступам да прававых працэдур, лічбавай бяспекі і адаптацыі пасля вымушанага пераезду.
Пры непасрэдным удзеле Веранікі Volnyja вырасла з невялікай ініцыятывы ў сталую арганізацыю, якая аказала падтрымку больш чым 600 людзям, што пацярпелі ад палітычных рэпрэсій. Была сфармаваная каманда з 15 супрацоўнікаў і сетка з больш чым 200 валанцёраў. Вераніка таксама распрацоўвала працэсы каардынацыі індывідуальных выпадкаў і механізмы, накіраваныя на прадухіленне дублявання дапамогі паміж арганізацыямі.
З 2025 года з’яўлялася сакратаркай Міжнароднага гуманітарнага фонду, дзе ўдзельнічала ў каардынацыі міжнароднага механізму дапамогі людзям, якія пацярпелі ад рэпрэсій. Прымала ўдзел у стварэнні Фонду з моманту яго фармавання, распрацоўцы асноўных дакументаў і аперацыйных працэдур, а таксама ў фармаванні міжнароднага механізму размеркавання рэсурсаў.
У межах працы Фонду ўдзельнічала ў разглядзе заявак, узаемадзеянні з гуманітарнымі і праваабарончымі арганізацыямі, а таксама ў забеспячэнні празрыстасці і паслядоўнасці працэдур прыняцця рашэнняў.
Вераніка супрацоўнічае з міжнароднымі і праваабарончымі арганізацыямі, у тым ліку з тымі, што займаюцца дакументаваннем катаванняў і міжнароднай адвакатыяй. Таксама распрацоўвае і праводзіць навучанне для валанцёраў і спецыялістаў, якія працуюць з людзьмі, што перажылі палітычныя рэпрэсіі і траўматычны досвед.
Да пачатку сістэмнай працы ў гуманітарнай і праваабарончай сферы больш за дзесяць гадоў займалася кіраваннем праектамі, камунікацыямі і PR. У 2021–2024 гадах працавала праектнай і PR-менеджаркай у ініцыятыве «Сумленныя людзі», а ў 2020–2021 гадах — у Народным антыкрызісным упраўленні, дзе займалася камунікацыйнымі праектамі і ўзаемадзеяннем з міжнароднымі партнёрамі. Раней працавала ў сферы PR і digital, кіравала праектамі, камандамі і камунікацыйнымі стратэгіямі для міжнародных кліентаў.


