Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Міжнародная дзейнасць

Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі актыўна вядзе знешнепалітычную дзейнасць, прадстаўляючы інтарэсы дэмакратычнай Беларусі на міжнародным узроўні. Гэтая праца ахоплівае фармальныя кансультацыі з урадамі замежных краін, удзел у спецыялізаваных групах пры міжнародных арганізацыях і пастаянны палітычны дыялог з ключавымі партнёрамі.

Стратэгічны дыялог з ЗША
Распачаў працу Стратэгічны дыялог «Беларусь – ЗША» – пастаянная платформа для супрацоўніцтва паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ўрадам Злучаных Штатаў. Першы раўнд адбыўся ў снежні 2023 года ў Вашынгтоне, другі – у снежні 2024 года ў Вільні. Абмяркоўваліся пытанні палітычных рэпрэсій, бяспекі і суверэнітэту Беларусі, міжнароднай адказнасці рэжыму, а таксама падтрымкі медыя і грамадзянскай супольнасці. Такі фармат – яскравы паказчык суб’ектнага ўспрымання дэмакратычных сіл і новы ўзровень у адносінах паміж беларускім грамадствам і ЗША.

Кансультатыўная група «Беларусь – ЕС»
Кансультатыўная група «Беларусь – ЕС» – эфектыўная платформа, праз якую адбываецца супрацоўніцтва паміж Кабінетам і інстытутамі Еўрапейскага саюза. На рэгулярных пасяджэннях, якія адбываюцца ў Бруселі 2 разы на год, разглядаюцца пытанні палітычных рэпрэсій, падтрымкі суверэнітэту Беларусі, праблемы міграцыі і легалізацыі для беларусаў у краінах Еўропы.

Кантактная група з Радай Еўропы
У 2022 годзе Рада Еўропы скасавала афіцыйныя кантакты з рэжымам Лукашэнкі і прыняла рашэнне аб паглыбленні супрацоўніцтва з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі. У выніку была створана Кантактная група, якая дзейнічае на пастаяннай аснове і ўключае беларускіх прадстаўнікоў і адказных функцыянераў усіх структур Рады Еўропы, сумеснымі намаганнямі фарміруе парадак дня і вызначае адмысловыя напрамкі працы. У фокусе – правы чалавека, незалежныя медыя, моладзевая палітыка і развіццё інстытутаў прававой дзяржавы.

Палітычныя кансультацыі з Канадай
У лістападзе 2024 года былі праведзены першыя стратэгічныя кансультацыі паміж дэмакратычнымі сіламі Беларусі і ўрадам Канады. Яны прайшлі ў Атаве і закранулі тры блокі: палітычныя рэпрэсіі і бяспека, падтрымка медыя і грамадзянскай супольнасці, а таксама міжнародная адказнасць рэжыму Лукашэнкі. Бакі ўзгаднілі супольнае камюніке і дамовіліся аб далейшай працы. Гэты фармат быў ініцыяваны ў выніку сустрэч Святланы Ціханоўскай з міністаркай замежных спраў Канады і стаў яшчэ адным доказам прызнання суб’ектнасці дэмакратычных сіл Беларусі.

Палітычныя кансультацыі з Вялікабрытаніяй
У сакавіку 2025 года першы раўнд палітычных кансультацый быў праведзены з Міністэрствам замежных спраў, па справах Садружнасці і развіцці Вялікабрытані, дзе ў цэнтры ўвагі былі пытанні аховы правоў чалавека, вызвалення палітзняволеных, падтрымкі незалежных сродкаў масавай інфармацыі і грамадзянскай супольнасці.

Кабінет працягвае працу па ўстанаўленні і развіцці палітычных кантактаў з урадамі дэмакратычных краін, каб забяспечыць належны ўлік і абарону інтарэсаў беларускага народа на міжнароднай арэне.

Main carousel image