Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Дапамога палітзняволеным

За дапамогу палітычным зняволеным і іх сем’ям адказвае Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі. Гэтая дзейнасць з’яўляецца адным з ключавых кірункаў у працы Кабінета і ахоплівае падтрымку як унутры краіны, так і за яе межамі – праз гуманітарныя ініцыятывы, міжнародныя звароты, публічныя кампаніі і анлайн-марафоны.

Марафон «Нам не ўсё адно!»
У ліпені 2023 года Прадстаўніцтва ініцыявала анлайн-марафон салідарнасці з палітвязнямі «Нам не ўсё адно!» сумесна з фондам «21 мая» і пры ўдзеле беларускіх медыя і праваабарончых арганізацый. За два дні марафону ў ім паўдзельнічала больш за 11 тысяч чалавек, а агульная сума сабраных сродкаў склала амаль 558 тысяч еўра. Грошы былі накіраваныя ў фонд дапамогі палітвязням і размеркаваныя паміж арганізацыямі, што непасрэдна працуюць з сем’ямі і вязнямі. Марафон дапамог больш чым 900 палітзняволеным. Усе сродкі былі выкарыстаныя паводле заяўленай мэты.

Міжнародныя звароты і палітычны ціск
У 2024 годзе прадстаўнікі Кабінета звярнуліся да ўкраінскіх улад з ініцыятывай уключэння беларускіх палітвязняў у абменныя спісы. У зваротах адзначалася, што многія беларусы былі арыштаваныя і асуджаныя менавіта за праўкраінскую пазіцыю. Прадстаўніцтва заклікала выкарыстоўваць міжнародныя механізмы, у тым ліку ўдзел гуманітарных арганізацый і дыпламатычных каналаў, каб садзейнічаць іх вызваленню.

Кабінет таксама падтрымлівае публічныя заявы еўрапейскіх палітыкаў, што прыцягваюць увагу да становішча беларускіх зняволеных. Асобная ўвага надаецца жанчынам у месцах пазбаўлення волі, якім даводзіцца сутыкацца з асаблівымі формамі ціску.

Падтрымка вызваленых і тых, хто ўсё яшчэ за кратамі
Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы аказвае дапамогу вызваленым палітвязням і іх сем’ям у адаптацыі. Аднак сотні людзей усё яшчэ застаюцца ў няволі – часта ў жорсткіх умовах, без доступу да медыцынскай дапамогі, сувязі з блізкімі і прававых гарантый. Сістэма працягвае выкарыстоўваць артыкул 411 КК РБ як інструмент бясконцай ізаляцыі, што выразна бачна на прыкладзе справы Вікторыі Кульшы.

Кабінет падкрэслівае: вызваленне нават некалькіх дзясяткаў чалавек – не прычына спыніць працу. Гэта нагадванне, што змаганне працягваецца. Свабода – гэта не падарунак, гэта права. І пакуль за кратамі застаецца хаця б адзін нявінны чалавек, дапамога палітвязням застаецца безумоўным прыярытэтам.

Гуманітарныя ініцыятывы і салідарнасць у дзеянні
Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы таксама падтрымлівае валанцёрскія праекты дапамогі людзям, што апынуліся ў складаных абставінах. Ініцыятывы ўключаюць дапамогу ўкраінскім сіротам і пажылым людзям з інваліднасцю, праграмы падтрымкі людзей з асаблівымі патрэбамі, акцыі ў падтрымку сем’яў зняволеных.

Main carousel image