Вадзім Кабанчук

Вадзім Кабанчук (Vadzim Kabanchuk)
Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі
Дата і месца нараджэння:
29 лістапада 1974 года, Бабруйск, Магілёўская вобласць, Беларусь
Адукацыя:
Скончыў сярэднюю школу №5 у Бабруйску. У 1993 годзе скончыў Бабруйскі аўтатранспартны тэхнікум. У 1997 годзе атрымаў дыплом інжынера-механіка ў Беларускай дзяржаўнай палітэхнічнай акадэміі.
Прафесійная і палітычная дзейнасць:
Падчас вучобы ў Мінску далучыўся да пратэстнага руху, стаў сябрам «Маладога Фронту», удзельнічаў у вулічных маршах. У 1997 годзе быў арыштаваны за актыўны ўдзел у дэманстрацыях, правёў шэсць месяцаў у СІЗА і быў асуджаны на тры гады з адтэрміноўкай на два гады. Арганізацыя Amnesty International прызнала яго вязнем сумлення.
Пасля вызвалення ў 1998 годзе стаў адным з заснавальнікаў спартыўна-патрыятычнай арганізацыі «Край», якая пазней перарасла ў моладзевую арганізацыю «Зубр». У 2002–2005 гадах знаходзіўся ў эміграцыі ў Бельгіі, а з 2006 года зноў далучыўся да пратэстнага руху ў Беларусі, удзельнічаў у стварэнні аргкамітэта Беларускай хрысціянскай дэмакратыі.
Пасля падзей 2014 года ва Украіне далучыўся да абароны незалежнасці краіны. У 2015 годзе стварыў тактычную групу «Беларусь», якая прымала ўдзел у баявых дзеяннях у Данецкай вобласці да 2017 года. З 24 лютага 2022 года стаў у шыхты тэрытарыяльнай абароны Кіева, удзельнічаў у стварэнні беларускай роты, якая пазней трансфармавалася ў Полк імя Кастуся Каліноўскага. Былы намеснік камандзіра палка.
3 жніўня 2024 года на канферэнцыі “Новая Беларусь” быў прызначаны прадстаўніком па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі.
У дзейнасці на пасадзе прадстаўніка па абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзім Кабанчук займаецца арганізацыяй сістэмнай дапамогі дабраахвотнікам ва Украіне, у тым ліку падрыхтоўкай лагістычнага забеспячэння іх службы і працэсу рэсацыялізацыі пасля заканчэння кантракту. Таксама ўдзельнічае ў распрацоўцы базавых палажэнняў па рэфармаванні беларускай арміі і сілавых структур. Асаблівая ўвага надаецца фарміраванню і рэалізацыі стратэгіі па абароне і дэакупацыі Беларусі. Каардынуе дзеянні з усімі зацікаўленымі бакамі дзеля аднаўлення дзяржаўнага суверэнітэту Беларусі.
Валоданне мовамі:
беларуская, расійская, украінская, англійская.