Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Святлана Ціханоўская

Святлана Ціханоўская (Sviatlana Tsikhanouskaya)
Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прэзідэнтка-элект, нацыянальная лідарка Беларусі

Дата і месца нараджэння:

11 верасня 1982 года, г. Мікашэвічы, Лунінецкі раён, Брэсцкая вобласць, Беларусь

Адукацыя:

У 2000 годзе скончыла сярэднюю школу №2 у горадзе Мікашэвічы з залатым медалём. Выпускніца філалагічнага факультэта Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Замежныя мовы (англійская, нямецкая)».

Прафесійная і палітычная дзейнасць:

Пасля заканчэння ўніверсітэта пражывала ў Гомелі, працавала перакладчыцай з англійскай мовы ў розных арганізацыях, у тым ліку ў дабрачыннай арганізацыі Chernobyl Life Line (Ірландыя), якая аказвае дапамогу пацярпелым ад Чарнобыльскай аварыі.

15 мая 2020 года падала дакументы ў Цэнтральную выбарчую камісію Рэспублікі Беларусь для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы па вылучэнні сваёй кандыдатуры на пасаду прэзідэнта Беларусі пасля адмовы ЦВК зарэгістраваць ініцыятыўную групу яе мужа Сяргея Ціханоўскага.

На прэзідэнцкіх выбарах 9 жніўня 2020 года, паводле даных незалежных назіральнікаў і платформы “Голас”, Святлана Ціханоўская набрала не менш за 56% галасоў выбаршчыкаў з улікам рэальнай яўкі (за яе прагаласавала не менш за тры мільёны чалавек). Вынікі, абвешчаныя ЦВК, прызнаныя сфальсіфікаванымі.

14 жніўня 2020 года абвясціла аб стварэнні Каардынацыйнай Рады – прадстаўнічага органа беларускага грамадства, накіраванага на выхад з палітычнага крызісу і абарону незалежнасці Беларусі.

17 жніўня 2020 года заявіла аб гатоўнасці прыняць на сябе адказнасць нацыянальнай лідаркі беларусаў.

9 жніўня 2022 года ініцыявала стварэнне Аб’яднанага Пераходнага Кабінета – калектыўнага выканаўчага органа для забеспячэння транзіту ўлады ад дыктатуры да дэмакратыі.

З моманту выбараў 2020 года Святлана Ціханоўская назапасіла вялікі палітычны вопыт, правёўшы сустрэчы з большай колькасцю сусветных лідараў, чым Аляксандр Лукашэнка за ўсю сваю кар’еру. Яна правяла перамовы з прэзідэнтамі, кіраўнікамі ўрадаў і парламентарыямі Вялікабрытаніі, Германіі, Францыі, Аўстрыі, Польшчы, Чэхіі, ЗША і іншых краін, зрабіўшы Беларусь і змаганне беларускага народа за свабоду адной з ключавых тэм міжнароднага парадку дня. Яе намаганні прыцягнулі беспрэцэдэнтную ўвагу міжнароднай супольнасці да барацьбы беларусаў за дэмакратыю і правы чалавека.

Узнагароды і званні:

  • 9 верасня 2020 – спецыяльны прыз міжнароднага эканамічнага форуму ў Карпачы (Польшча).
  • 7 кастрычніка 2020 – прэмія Globsec (Славакія).
  • 14 кастрычніка 2020 – прэмія Свабоды імя Джона Макейна (ЗША).
  • Кастрычнік 2020 – прэмія Свабоды дацкага выдання Politiken.
  • 22 кастрычніка 2020 – прэмія імя Сахарава Еўрапарламента.
  • 18 снежня 2020 – прэмія Свабоды Сейма Літвы.
  • 25 снежня 2020 – «Чалавек года» ў намінацыі «Прыватная асоба» паводле газеты «Ведомости» (Расія).
  • 2021 – «Чалавек года» паводле «Gazeta Wyborcza» (Польшча)
  • 21 студзеня 2021 – крыж «За заслугі» Міністэрства замежных спраў Эстоніі.
  • 30 студзеня 2021 – вылучэнне на Нобелеўскую прэмію міру прэзідэнтам Літвы Гітанасам Наўседам.
  • Красавік 2021 – прэмія імя Льва Копелева (Германія).
  • 17 снежня 2021 – прэмія імя Карла Вялікага (Германія, разам з Марыяй Калеснікавай і Веранікай Цапкала).
  • Красавік 2022 – прэмія «За свабоду медыя» (Германія, разам з Уладзімірам Зяленскім).
  • Сакавік 2023 – Міжнародная прэмія міру Тыпэрэры (Ірландыя, уручана ў маі 2023).
  • Верасень 2023 – шведская прэмія імя Анны Лінд (Швецыя).
  • 4 сакавіка 2025 – званне ганаровай грамадзянкі Балонні (Італія).
    Акрамя таго, Святлана Ціханоўская ўвайшла ў спісы:
  • 100 найбольш натхняльных і ўплывовых жанчын свету 2020 года паводле BBC.
  • Топ-50 людзей 2020 года па версіі Bloomberg.

Сям’я:

Муж – Сяргей Ціханоўскі, затрыманы неўзабаве пасля пачатку яе перадвыбарчай кампаніі. У 2021 годзе асуджаны да 18 гадоў пазбаўлення волі па палітычна матываваных абвінавачваннях. Amnesty International прызнала яго вязнем сумлення.

Мае сына (нар. 2010) і дачку (нар. 2015).

Валоданне мовамі:

беларуская, расійская, англійская.