Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Юлія Міцкевіч

Юлія Міцкевіч (Julia Mickiewicz)
Першая намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі

Дата і месца нараджэння:

1 лютага 1979 года, гарадскі паселак Ушачы, Беларусь

Адукацыя:

  • Факультэт журналістыкі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.
  • Магістарская праграма па гендарных даследаваннях, Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт.

Прафесійная і палітычная дзейнасць:

Юлія Міцкевіч – праваабаронца, актывістка і гендарная экспертка з 20-гадовым досведам. Шмат гадоў працавала журналісткай у беларускіх медыя, у тым ліку на інфармацыйным партале naviny.by, асвятляючы праблемы сацыяльнай палітыкі, правоў жанчын, супольнасці ЛГБТК+ і іншых уразлівых груп праз феміністычную оптыку.

У 2009 годзе была абраная на два тэрміны старшынёй аб’яднання Маладыя сацыял-дэмакраты — Маладая грамада.

Сузаснавальніца арганізацыі FemGroup Belarus (Фемгрупа), якая была створаная ў жніўні 2020 года як працоўная група Каардынацыйнай рады, а пазней ператварылася ў незалежную арганізацыю грамадзянскай супольнасці. Фемгрупа займаецца пашырэннем палітычнага ўдзелу жанчын і развіццём жаночага лідарства у палітыцы. У 2024 годзе Юлія была адной з тых, хто ініцыявала і адстойвала ўвядзенне 40% гендарных квотаў для жанчын падчас выбараў у 3-е скліканне Каардынацыйнай рады, што было зацверджана, нягледзячы на моцны супраціў.

У кастрычніку 2020 года была затрыманая за ўдзел у агульнанацыянальным пратэсце, жаночых маршах і акцыях салідарнасці, а таксама за стварэнне Фемгрупы, якую рэжым Лукашэнкі ўспрыняў як пагрозу. Пасля вызвалення была вымушана пакінуць Беларусь і пераехала ў Літву, дзе знаходзіцца ў выгнанні да сёння.

Генеральная менеджарка арганізацыі грамадзянскай і нефармальнай адукацыі АБФ – Актыўнымі Быць Файна (ABF Belarus), якая працуе на аснове падыходу, заснаванага на правах чалавека, прасоўвае сацыяльную справядлівасць, гендарную роўнасць і недыскрымінацыю. У кастрычніку 2024 года Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі прызнала АБФ «экстрэмісцкім фарміраваннем».

З 2022 года ўваходзіць у Кантактную групу Рады Еўропы па Беларусі, дзе займаецца гендарнай палітыкай і правамі жанчын. З’яўлялась старшынёй Каардынацыйнага камітэта Беларускай нацыянальнай платформы Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства.

У 2024 годзе прызначаная першай намесніцай прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі. У Кабінеце адказвае за пытанні гендарнай роўнасці і вырашэнне праблем уразлівых груп.

З’яўляецца знешняй эксперткай па роўных магчымасцях і недыскрымінацыі (беларускі сегмент) для Індэкса Усходняга партнёрства – 2025.

Узнагароды і званні:

  • У 2009 годзе атрымала прэмію P’ero Award як найлепшая журналістка, якая асвятляе правы ЛГБТ+ у Беларусі.
  • У 2011 годзе ўзнагароджаная прэміяй Jim Kemmy Social Justice Award Ірландскай лейбарысцкай партыі.
  • У 2025 годзе стала лаўрэаткай Жаночай прэміі Ганны Кляйн (разам з Дар’яй Афанасьевай і Ірынай Альхоўкай).

Сям’я:

Замужам, дзяцей не мае

Валоданне мовамі:

беларуская, расійская, англійская, вывучае швецкую