Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Святлана Ціханоўская: Абарона беларускай культуры і ідэнтычнасці — гэта абарона нашай незалежнасці

2026-10-27

27 кастрычніка ў Дубліне кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская выступіла на канферэнцыі «Ірландыя і Беларусь: нацыянальная і культурная ідэнтычнасць».

Вось асноўныя тэзісы выступу Святланы Ціханоўскай:

• Беларуская ідэнтычнасць звязвае нас з Еўропай. Наша мова, культура і гісторыя — частка таго, што робіць Беларусь еўрапейскай краінай. Прарасійскі рэжым імкнецца сцерці беларускую нацыянальную адметнасць і разарваць сувязі Беларусі з Еўропай.

• Беларусь і Ірландыя маюць падобны гістарычны досвед. Абодва народы змагаліся за незалежнасць, захаванне сваёй мовы, культуры і традыцый. Але сёння ў Ірландыі дзяржава падтрымлівае нацыянальную культуру, а ў Беларусі працягваецца русіфікацыя, забараняюцца беларускія кнігі, пераследуюцца незалежныя выдаўцы і дзеячы культуры.

• Беларуская культура працягвае развівацца насуперак рэпрэсіям. Беларусы вывучаюць родную мову, адкрываюць для сябе літаратуру і гісторыю, ствараюць музыку, спектаклі і кнігі. Гэта адбываецца як у эміграцыі, так і ў самой Беларусі.

• Падзеі 2020 года сталі таксама нацыянальным абуджэннем. Беларусы пачалі актыўней звяртацца да сваёй культуры, песень і нацыянальнай сімволікі. Нягледзячы на падаўленне пратэстаў, імкненне да свабоды і захавання сваёй ідэнтычнасці не знікла.

• Русіфікацыя пагражае не толькі культуры, але і незалежнай будучыні Беларусі. Расійская імперская ідэалогія адмаўляе самастойнасць Беларусі і Украіны, разглядаючы іх як працяг Расіі. У Беларусі русіфікацыя закранае нават дзяцей — праз школы, падручнікі і перапісванне гісторыі.

• Захаванне нацыянальнай ідэнтычнасці — адзін са спосабаў супрацьстаяць распаўсюджванню «рускага свету» ў Еўропе. Абараняючы свае мовы і культуры, беларусы і ўкраінцы адстойваюць незалежнасць сваіх краін, нацыянальную самабытнасць і еўрапейскую прыналежнасць.

Адным з суарганізатараў канферэнцыі выступіла Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. У кансультацыі з ірландскім бокам каманда Прадстаўніцтва ўдзельнічала ў распрацоўцы праграмы мерапрыемства і запрашала спікераў з беларускага боку.

Як адзначыў прадстаўнік па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі ў інтэрв’ю Радыё Рацыя, гісторыі Беларусі і Ірландыі шмат у чым падобныя. Абодва народы прайшлі праз працяглую барацьбу за нацыянальную самабытнасць, захаванне мовы і культуры ва ўмовах каланізацыі.

Пры гэтым ірландскі досвед паказвае, што нават пасля здабыцця незалежнасці адраджэнне нацыянальнай мовы застаецца складанай і доўгатэрміновай задачай. У Ірландыі англійская мова па-ранейшаму дамінуе ў грамадстве.

Паводле Паўла Баркоўскага, канферэнцыя стала першым фарматам супольнай працы такога ўзроўню з Міністэрствам замежных спраў Ірландыі. У цэнтры абмеркавання — дзве асноўныя тэмы: моўная палітыка і развіццё беларуска-ірландскага культурнага супрацоўніцтва.

Прыкладам такога супрацоўніцтва ўжо сталі пастаноўка п’есы ірландскага драматурга Браяна Фрыла «Пераклады» ў Купалаўскім тэатры і выданне серыі ірландскіх дзіцячых кніг па-беларуску.

Канферэнцыя стала першым крокам да далейшага развіцця супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Ірландыяй у сферы мовы і культуры, абмену досведам і стварэння новых сумесных праектаў.

Main carousel image