Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Вадзім Кабанчук: Рота «Воля» можа стаць пачаткам войскаў беспілотных сістэм новай беларускай арміі

2026-10-07

У складзе Узброеных Сіл Украіны фарміруецца новая беларуская рота БПЛА «Воля». Яна будзе спецыялізавацца на выкарыстанні ўдарных беспілотнікаў сярэдняй і далёкай дальнасці.

Адной з прынцыповых асаблівасцей новага фарміравання стала магчымасць для беларусаў займаць у ім не толькі шараговыя, але і камандныя пасады.

«Упершыню ўкраінскі бок даў фактычны дазвол на замяшчэнне пасад на ўзроўні афіцэрскага і сяржанцкага складу самімі беларусамі. Гэта важны фактар для нас»,
— адзначыў прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Вадзім Кабанчук.

Спецыфіка роты БПЛА адрозніваецца ад пяхотных падраздзяленняў. Тут меншую ролю адыгрываюць фізічныя даныя, а большую — тэхнічныя і інжынерныя навыкі, навыкі выведкі і каманднай працы.
Касцяк «Волі» ўжо складаюць беларусы з баявым досведам ва Украіне. Некаторыя з іх ваявалі ў розных падраздзяленнях некалькі гадоў. Яны будуць асвойваць новую спецыялізацыю і перадаваць свой досвед новым добраахвотнікам.

«Гэта нават не Mavic і FPV, якімі зараз карыстаюцца ў асноўным пяхотныя падраздзяленні ва Украіне. Асваенне гэтай спецыялізацыі раскрывае вялікія магчымасці ўплыву на сваёй дзялянцы фронту».

Паводле Вадзіма Кабанчука, беспілотныя сістэмы дазваляюць адносна невялікай колькасці падрыхтаваных людзей выконваць выведвальныя, карэкціровачныя і ўдарныя задачы. Адзін добра падрыхтаваны экіпаж можа выконваць іх без неабходнасці задзейнічаць цэлую роту ці батальён.

Аднак стварэнне «Волі» Кабанчук разглядае ў больш шырокай перспектыве, чым фарміраванне адной спецыяльнай роты.

«Калі мы кажам пра запачаткаванне асобнага кампанента ў новых узброеных сілах Рэспублікі Беларусь, гэта будуць войскі беспілотных сістэм».

Рота «Воля» можа маштабавацца далей. Паводле Кабанчука, яе патэнцыял будзе залежаць ад колькасці людзей, тэхнікі, фінансавання і падтрымкі з боку беларускіх дэмакратычных інстытутаў, грамады і дыяспары. Стварэнне такога падраздзялення ён разглядае як частку больш шырокага працэсу фарміравання новай беларускай арміі.

Прачытаць цалкам каментар Вадзіма Кабанчука можна на спасылцы.

Main carousel image