Што будзе з ГУБАЗіКам і АМАПам пасля дэмакратычных зменаў?
2026-10-05
Прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па аднаўленні законнасці і правапарадку Мікалай Казлоў лічыць, што структуры, якія сталі галоўнымі інструментамі рэпрэсіўнага апарату, не могуць застацца ў цяперашнім выглядзе.
Паводле Мікалая Казлова, сёння ў Беларусі ўвогуле празмерная колькасць супрацоўнікаў сілавых структур.«Цяперашняя ўлада шмат у чым трымаецца менавіта на штыках, таму скарачэнні ў любым выпадку непазбежныя. Скажу нават больш: калі б гэтыя людзі ўвогуле не ўдзельнічалі ў рэпрэсіях, мы ўсё роўна сутыкнуліся б з пытаннем: навошта краіне столькі сілавікоў?»
Асобна павінна вырашацца будучыня структур, якія сталі галоўнымі інструментамі рэпрэсіўнага апарату.«Напрыклад, ГУБАЗіК. Яго, на мой погляд, трэба расфармаваць.
Асобная гісторыя з АМАПам. У цяперашнім выглядзе і ў цяперашняй колькасці яны дакладна не патрэбныя. Трэба глядзець, якія функцыі сапраўды неабходныя дзяржаве і хто іх будзе выконваць».
Але аднаго скарачэння колькасці сілавікоў недастаткова. Неабходная рэформа самой сістэмы МУС, якая, паводле Мікалая Казлова, глыбока дэградавала і страціла давер.
Адной з прынцыповых зменаў павінна стаць адмова ад «палачнай сістэмы»: планы па колькасці пратаколаў і штрафаў робяць сістэму арыентаванай на пакаранне, а не на бяспеку. Таксама праваахоўныя органы не павінны ўдзельнічаць у палітычным працэсе ні на чыім баку. Іх задача — забяспечваць выкананне закона, не дапускаць фальсіфікацый, гарантаваць бяспеку і выконваць сваю звычайную працу.
Мікалай Казлоў падкрэслівае, што рэформа павінна змяніць саму сутнасць сістэмы, а не звесціся да перайменавання міліцыі ў паліцыю.«Рэформа МУС будзе паспяховай тады, калі чалавек убачыць у паліцэйскім таго, хто абараняе яго правы, бяспеку і недатыкальнасць».
Праца над будучымі зменамі вядзецца ўжо цяпер. Існуе праект закона «Аб паліцыі», а таксама праект закона аб люстрацыі. Завершаная і распрацоўка закона аб кантролі над спецслужбамі, у якой Мікалай Казлоў прымаў асабісты ўдзел.



