Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

«Дэмакратычная Беларусь павінна адмовіцца ад смяротнага пакарання назаўжды»

2026-10-05

Выканаўца абавязкаў прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Юлія Міцкевіч падтрымала Тыдзень супраць смяротнага пакарання, арганізаваны праваабарончым цэнтрам «Вясна».

«Жыццё любога чалавека — найвышэйшая каштоўнасць. Смяротнае пакаранне — гэта не правасуддзе, а незваротны гвалт дзяржавы над чалавекам. Калі суды залежныя, а прызнанні выбіваюць пад ціскам, цаной памылкі становіцца чалавечае жыццё»,
— адзначыла Юлія Міцкевіч.

Тыдзень супраць смяротнага пакарання праходзіць з 5 кастрычніка напярэдадні Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, які адзначаецца 10 кастрычніка. Беларусь застаецца апошняй краінай у Еўропе, дзе смяротныя прысуды дагэтуль прыводзяцца ў выкананне.

Юлія Міцкевіч падтрымлівае кампанію супраць смяротнага пакарання шмат гадоў. Яшчэ ў 2012 годзе яна знялася ў кліпе «Рэп супраць смяротнага пакарання» магілёўскага рэп-бэнда «Прадмова» і праваабарончага цэнтра «Вясна» разам з Любоўю Кавалёвай, маці пакаранага смерцю Уладзіслава Кавалёва.

«Яе гісторыя назаўсёды засталася для мяне напамінам пра тое, што за кожным прысудам стаіць сям’я і родныя, якім нават не кажуць, дзе пахаваны іх блізкі чалавек. Гэта таксама з’яўляецца катаваннем»,
— падкрэсліла Юлія Міцкевіч.

У межах Тыдня супраць смяротнага пакарання 12 кастрычніка ў Вільнюсе пройдзе дыскусія пра адмену смяротнага пакарання з акцэнтам на сітуацыі ў Беларусі. У ёй возьмуць удзел вядучыя эксперты па гэтай тэме з боку Рады Еўропы і беларускай дэмакратычнай супольнасці. Гэта стане першым мерапрыемствам, арганізаваным нядаўна створаным Інфармацыйным пунктам Рады Еўропы для беларускага народа ў Вільнюсе.

Праграму ўсіх падзей Тыдня можна паглядзець на сайце праваабарончага цэнтра «Вясна».

Main carousel image