Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Юлія Міцкевіч: Будучая Беларусь павінна вярнуць сабе прынцыпы сацыяльнай дзяржавы

2026-10-02

Па заказе Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы група экспертаў і экспертак распрацуе рэформу ў сферы правоў пажылых людзей і пенсіянераў у Беларусі. Гэта комплекс заканадаўчых, сацыяльных і эканамічных змен, накіраваных на паляпшэнне якасці жыцця грамадзян старэйшага пакалення, абарону іх правоў ад дыскрымінацыі і забеспячэнне іх актыўнага ўдзелу ў жыцці грамадства, — распавяла выканаўца абавязкаў прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Юлія Міцкевіч.

1 кастрычніка свет адзначыў Міжнародны дзень пажылых людзей. Для Беларусі гэта больш чым дата ў календары. Больш за 15 % насельніцтва Беларусі — людзі старэйшыя за 65 гадоў. Менавіта гэтыя людзі сёння найбольш пакутуюць ад таго, што ўлады замянілі сацыяльную палітыку рэпрэсіўнай. І гэта ўплывае не толькі на тых людзей пенсійнага ўзросту, якія жывуць у краіне, але і на тых, хто знаходзіцца ў выгнанні і пакутуе ад наступстваў транснацыянальных рэпрэсій. Згодна з інфармацыяй ад Dissidentby, 153 чалавекі сталага ўзросту сутыкнуліся з пераследам, 25 з іх і сёння за кратамі, 18 мелі або маюць праблемы са здароўем, 121 чалавек — у спісе «экстрэмістаў», 24 — у спісе «тэрарыстаў».

«Сацыяльная дзяржава — гэта не толькі пра пенсіі і льготы. Гэта мадэль, у якой дзяржава служыць грамадзянам: будуе сістэмы падтрымкі і забяспечвае празрыстае і справядлівае пераразмеркаванне рэсурсаў. Такая мадэль трымаецца на даверы паміж людзьмі і ўладай, а рэжым пабудаваны на страху і падаўленні. Таму там, дзе павінны быць інвестыцыі ў медыцыну і сацыяльныя паслугі, мы бачым выдаткі на сілавы апарат. Там, дзе павінна быць забеспячэнне годнасці пажылых, мы бачым рэпрэсіі і занядбанне».

Рэформа будзе ўключаць у сябе некалькі напрамкаў, такіх як:

🔺справядлівыя і празрыстыя пенсіі;
🔺даглядная медыцына і доўгатэрміновы догляд;
🔺абарона ад дыскрымінацыі па ўзросце;
🔺гнуткі пенсійны ўзрост;
🔺актыўнае старэнне і даўгалецце;
🔺бяспека і годнасць, абарона ад гвалту.

Усе гэтыя падыходы абапіраюцца на міжнародныя стандарты: Прынцыпы ААН у дачыненні да пажылых людзей, Мадрыдскі міжнародны план дзеянняў па праблемах старэння і Дзесяцігоддзе здаровага старэння СААЗ (2021–2030).

Будучая Беларусь павінна вярнуць сабе прынцыпы сацыяльнай дзяржавы: празрыстыя пенсійныя механізмы, даступную медыцыну, развітую сістэму сацыяльных паслуг і падтрымку сям'і. Бо толькі тая краіна, якая клапоціцца пра сваіх старэйшых, мае маральнае права называцца сучаснай і справядлівай.

Main carousel image