Павел Латушка звярнуўся да Андрэя Сібігі: «Беларуськалій» — галоўны спонсар незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь
2026-09-29
«"Беларуськалій" выступае непасрэдным інстытуцыйным, фінансавым і лагістычным удзельнікам супрацьпраўнага механізму сістэматычнага вывазу ў Беларусь, размяшчэння і ідэалагічнай індактрынацыі ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка ў афіцыйным звароце да міністра замежных спраў Украіны Андрэя Сібігі.
У сваім звароце Павел Латушка адзначыў, што паводле даных НАУ на тэрыторыю Беларусі было супрацьпраўна перамешчана не менш за 3 500 украінскіх дзяцей. НАУ ў межах супрацоўніцтва з Лабараторыяй гуманітарных даследванняў Ельскага ўніверсітэта (Yale HRL) перадало сабраныя доказы, на падставе якіх Yale HRL падрыхтавала 16 лістапада 2023 года адпаведны даклад.
Таксама было адзначана, што больш за 2 050 украінскіх дзяцей былі накіраваны ў дзіцячы аздараўленчы лагер «Дубрава» (Салігорскі раён Мінскай вобласці), які знаходзіцца на балансе і пад поўным прамым кіраваннем «Беларуськалія».
Павел Латушка ў звароце таксама адзначыў:
НАУ у 2023 годзе перадало ў Офіс Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе дзве афіцыйныя камунікацыі пра здзяйсненне адпаведых злачынстваў. Генеральная пракуратура Украіны і Літвы адкрылі па дадзеных фактах дасудовае расследаванне ў межах нацыянальных юрысдыкцый. Павел Латушка і сябры каманды НАУ далі паказанні ў якасці сведак следчым органам Украіны і Літвы.
У сваім звароце да міністра замежных спраў Украіны Павел Латушка звярнуўся з просьбай да ўкраінскага боку:
1. Займаць цвёрдую пазіцыю ў дыялогу з міжнароднымі партнёрамі і інстытутамі ЕС, актыўна супрацьдзейнічаючы любым ініцыятывам па змякчэнні, адмене або ўвядзенні выключэнняў (derogations) у дачыненні да экспарту і транзіту беларускіх калійных угнаенняў у ЕС.
2. Улічваць факты непасрэднага ўдзелу ААТ «Беларуськалій», яго ведамаснай інфраструктуры і кіраўніцтва прадпрыемства ў супрацьпраўнай дэпартацыі дзяцей пры ўзгадненні новых пакетаў міжнародных абмежавальных мер.
3. Увязваць любыя будучыя дыскусіі пра статус беларускага калійнага сектара з поўным спыненнем удзелу рэжыму Беларусі ў агрэсіі і ваенных злачынствах Расіі, а таксама поўным і неадкладным вяртаннем усіх незаконна перамешчаных украінскіх дзяцей і прыцягненнем вінаватых асоб да міжнародна-прававой адказнасці.
— гаворыцца ў завроце Паўла Латушкі да Андрэя Сібігі.
Таксама 25 верасня падчас сустрэчы з дэлегацыяй Дзяржаўнага дэпартамента ЗША Павел Латушка перадаў факты фінансавання «Беларуськаліем» і ўдзелу кіраўніцтва «Беларуськалія» ў незаконнай дэпартацыі тысяч украінскіх дзяцей у Беларусь.



