Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Юлія Міцкевіч: Беларускія жанчыны ў палітыцы становяцца прыкладам для жанчын у іншых краінах

2026-09-28

Выканаўца абавязкаў прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Юлія Міцкевіч прыняла ўдзел у канферэнцыі «Жаночае палітычнае лідарства і ўдзел ва Усходнім партнёрстве» ў Стакгольме.

Мерапрыемства было арганізавана Еўрапейскім саюзам і Еўрапейскай службай знешніх дзеянняў (EEAS) пры ўдзеле Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і падтрымцы Міністэрства замежных спраў Швецыі.

Удзельніцы і ўдзельнікі абмеркавалі выклікі, з якімі сутыкаюцца жанчыны ў палітыцы, у тым ліку харасмент і іншыя формы гвалту анлайн і афлайн, мову варожасці і гендарную дэзінфармацыю, а таксама стратэгіі супрацьдзеяння такім атакам. Асобна абмеркавалі роўны ўдзел жанчын і мужчын у палітыцы і размеркаванні ўлады, а таксама тое, як гэта ўплывае на дасягненне гендарнай роўнасці ў іншых сферах.

«Вельмі важна, што на гэтай канферэнцыі я прадстаўляла беларускія дэмакратычныя сілы і грамадзянскую супольнасць. Ад іншых пяці краін Усходняга партнёрства ўдзельнічалі прадстаўніцы дзяржаўных інстытуцый, парламентаў і міністэрстваў. Таму такое запрашэнне для нас таксама з’яўляецца знакам павагі і прызнання вялікай працы, якую робяць жанчыны і мужчыны беларускага дэмакратычнага руху ў кірунку гендарнай роўнасці»,
— адзначыла Юлія Міцкевіч.

Падчас выступу яна распавяла пра тое, як беларускія дэмакратычныя сілы працуюць над тым, каб узмацніць жаночае палітычнае лідарства і пашырыць удзел жанчын у палітычных працэсах. Сярод прыкладаў — сумесная з Саветам Еўропы праца па распрацоўцы гендарнай палітыкі для дэмакратычных сіл і нядаўна створаная група, якая аб’ядноўвае жанчын, уключаных у палітычныя працэсы.

«Я таксама распавяла пра жанчын-палітзняволеных у Беларусі і рэпрэсіі, якія працягваюцца. Мы ведаем, што жанчынам у палітыцы складана працаваць праз стэрэатыпы, бар’еры, харасмент анлайн і афлайн, прадузятасці. А ў выгнанні гэта ўтрая складаней, бо мы знаходзімся яшчэ і пад ціскам транснацыянальных рэпрэсій. Але пры гэтым беларускія жанчыны становяцца ролевай мадэллю і прыкладам для жанчын у іншых краінах. Менавіта гэта мне сказалі пасля майго выступу»,
— падкрэсліла Юлія Міцкевіч.

Main carousel image