Станіслаў Салавей распавёў, чаму ўвядзенне страхавой медыцыны сёння не з'яўляецца прыярытэтам і панацэяй
2026-09-25
Намеснік прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Станіслаў Салавей на канферэнцыі «Медыцына і ахова здароўя будучыні: ад бягучых праблем да новай мадэлі» патлумачыў, чаму лічыць страхавую мадэль далёка не першай задачай будучай рэформы аховы здароўя ў Беларусі. Галоўная праблема цяпер глыбейшая: мы ў прынцыпе дрэнна разумеем, у якім стане знаходзіцца гэтая сістэма.
На першы погляд беларуская медыцына выглядае нядрэнна, пакуль чалавеку патрэбны тэрапеўт, педыятр або кансультацыя спецыяліста. На гэтым і трымаецца міф пра сістэму, якую, здаецца, дастаткова крыху падправіць — і ўсё запрацуе. Але насамрэч сітуацыя вельмі цяжкая. «Прапагандысцкая вітрына, якая транслюе міф пра найлепшую бясплатную медыцыну, на жаль, працуе, — прызнае Станіслаў. — Карціна становіцца зусім іншай, калі ў чалавека з’яўляецца цяжкая хвароба, патрэбная складаная аперацыя або ён жыве ў невялікім горадзе, дзе патрэбнага спецыяліста можа не быць гадамі».
Важна разумець: грошай ад самой змены мадэлі аховы здароўя больш не стане. Выдаткі Беларусі на ахову здароўя паводле парытэту пакупніцкай здольнасці прыкладна ўдвая (а паводле іншых ацэнак — утрая) ніжэйшыя за польскія і літоўскія, і нават гэтыя грошы выдзяляюцца «са скрыпам». Пры нізкіх легальных даходах і слабым фондзе аплаты працы страхавыя ўзносы не пакрыюць выдаткі на лячэнне.
Важны і дэмаграфічны фактар: за дзяцей, пенсіянераў, беспрацоўных і людзей з нізкімі даходамі ўзносы ўсё роўна павінен плаціць дзяржаўны бюджэт. Таму пераход на страхаванне не створыць новых грошай, а толькі зменіць маршрут пераразмеркавання бюджэтных сродкаў.
Сітуацыя пагаршаецца тым, што ні незалежныя эксперты, ні цяперашняя ўлада не разумеюць, колькі грошай сапраўды патрабуе сістэма аховы здароўя праз пастаяннае замоўчванне або фальсіфікацыю даных.
«Мы не ведаем, якая ў Беларусі патрэба ў якой дапамозе і якія выдаткі на лячэнне, умоўна кажучы, пнеўманіі сапраўды патрэбныя. Мы не можам разлічыць і нават уявіць, колькі спатрэбіцца фінансаў на сярэднестатыстычнага беларуса з цукровым дыябетам або з артэрыяльнай гіпертэнзіяй», — прызнаецца Станіслаў. Без такой статыстыкі немагчыма нармальна разлічыць страхавы тарыф. А гэта значыць, што страхавая кампанія альбо закладзе вялікі запас у кошт страхоўкі, альбо рызыкуе недаацаніць выдаткі і сутыкнуцца з дэфіцытам грошай і банкруцтвам.
Яшчэ адна глабальная праблема — планава-койкавая медыцына. Бальніцы патрэбныя ложка-дні, паліклініцы — паказчыкі вакцынацыі, сістэме — прыгожая справаздача. У выніку, з аднаго боку, у Беларусі быццам бы перамаглі пэўныя хваробы і ўскладненні пасля аперацый, якія застаюцца праблемай ва ўсім свеце, з другога — у нас масава лечаць фактычна здаровых людзей.
Станіслаў прапануе параўнаць: «У Беларусі чалавека трымаюць у бальніцы тры дні перад некаторымі аперацыямі і тыдзень — пасля, у той час як у норме ўвесь гэты цыкл займае некалькі дзён». І робіцца гэта для таго, каб бальніца магла прыгожа адсправаздачыцца па паказчыках ложка-дзён.
Таму пачаткам любых рэформ павінен стаць збор дакладных даных.
Усё гэта адбываецца на фоне схаванага кадравага дэфіцыту, прымусовага размеркавання і патэнцыйнага адтоку лекараў пасля адмены адміністрацыйнага ўтрымання спецыялістаў.
«Праводзіць рэформы ў такіх умовах — гэта як спрабаваць пасадзіць самалёт без сродкаў навігацыі, у шчыльны туман, слухаючы дыспетчара, які гаворыць на незнаёмай вам мове, выкарыстоўвае неметрычныя адзінкі, нават не ведаючы тыпу самалёта, на якім вы ляціце, а інструкцыя да яго напісаная па-карэйску», — лічыць Станіслаў Салавей.



