Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Інфармацыя пра памілаванне 15 чалавек пакуль правяраецца

2026-09-24

24 верасня дзяржаўныя крыніцы паведамілі пра памілаванне 15 асуджаных, сярод якіх 10 жанчын. Паводле афіцыйнага паведамлення, 13 чалавек былі асуджаныя за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці». Імёны вызваленых не называюцца. Праваабаронцы цяпер высвятляюць, пра каго менавіта ідзе гаворка.

Выконваючая абавязкі прадстаўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Юлія Міцкевіч адзначае, што да гэтай інфармацыі трэба ставіцца асцярожна:

«Мы вельмі перажываем і чакаем любой інфармацыі пра людзей, якія маглі выйсці на волю. Але цяпер самае важнае — яе верыфікаваць. Мы пакуль не ведаем, хто гэтыя людзі, ці сапраўды яны былі вызваленыя па памілаванні, па якіх артыкулах былі асуджаныя і якое пакаранне адбывалі».

Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы знаходзіцца на сувязі з праваабарончымі арганізацыямі і разам з імі правярае інфармацыю.

«Мы ўжо сутыкаліся з падобнымі паведамленнямі. Пасля праверкі праваабаронцамі высвятлялася, што сярод вызваленых не было людзей, прызнаных палітвязнямі. “Дзеянні экстрэмісцкай накіраванасці” — гэта не абавязкова палітычны пераслед. Таму зараз для нас галоўнае — высветліць, хто менавіта выйшаў на волю».

Калі вам вядома нешта пра людзей, якія маглі быць вызваленыя, калі ласка, перадайце інфармацыю праваабаронцам — у прыватнасці, «Вясне» (@Viasnainfo), «Краіне для жыцця» або Dissidentby (@Dahary_nahami ), калі гэта бяспечна для вас.

Як толькі з’явіцца верыфікаваная інфармацыя, мы будзем паведамляць пра яе.

Main carousel image