Што будзе з дзяржаўнай сімволікай пасля дэмакратычных зменаў?
2026-09-22
Прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі распавёў, як, на яго думку, павінна вырашацца пытанне дзяржаўных сімвалаў пасля змены ўлады ў Беларусі.
Паводле Паўла Баркоўскага, змена дзяржаўнай сімволікі ў 1995 годзе адбылася з парушэннем юрыдычных і канстытуцыйных нормаў. Таму першым крокам пасля дэмакратычных зменаў павінна стаць аднаўленне законнасці.«Лагічным крокам было б вяртанне да тых законаў і канстытуцыйных нормаў, якія дзейнічалі да перавароту 1995–1996 гадоў, калі ўсталявалася аўтарытарная сістэма Лукашэнкі.
Гэта вяртанне ранейшага прававога становішча. Справядлівасць была парушаная — правасуддзе яе аднаўляе. Паводле гэтай логікі сімвалы вяртаюцца разам з аднаўленнем законаў, якія дзейнічалі да іх незаконнай змены».
Аднак аднаўленне законнасці не азначае, што пытанне дзяржаўнай сімволікі больш не можа пераглядацца. Пасля дэмакратычных выбараў і аднаўлення законнай працы дзяржаўных інстытутаў грамадства зможа прапаноўваць змены ў Канстытуцыю і законы, у тым ліку ў законы пра дзяржаўныя сімвалы.«Калі сапраўды існуюць вялікія групы з супрацьлеглымі поглядамі, яны маюць права ўступіць у грамадскую палеміку, выкласці свае аргументы, прыцягнуць прыхільнікаў. Гэта павінна быць дэмакратычная дыскусія, у выніку якой краіна абярэ свае сімвалы».
Павел Баркоўскі дапускае і сцэнар, пры якім пасля свабоднай грамадскай дыскусіі большасць беларусаў вырашыць захаваць цяперашнюю чырвона-зялёную сімволіку.«Перадусім гэта будзе паразай нацыянальна арыентаваных беларускіх інтэлектуалаў. Паразай гісторыкаў, дзеячаў навукі і культуры, якія не змаглі данесці да большасці важнасць гэтай гістарычнай спадчыны».
Пры гэтым, паводле Паўла Баркоўскага, сёння немагчыма ўпэўнена сцвярджаць, якія сімвалы выбрала б большасць беларусаў. Ва ўмовах манапалізацыі СМІ і адсутнасці шырокай публічнай дыскусіі грамадства не мае магчымасці пачуць розныя аргументы і зрабіць усвядомлены выбар.



