Беларускія заводы фіксуюць падзенне попыту і скарачаюць вытворчасць
2026-09-18
Афіцыйная статыстыка паведамляе пра рост беларускай прамысловасці. Але яе рэальны стан можна прасачыць па ўнутраных дакументах самога Міністэрства эканомікі.
Прадстаўніцтва па эканоміцы і фінансах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета прааналізавала бюлетэнь Навукова-даследчага эканамічнага інстытута (НДЭІ) Мінэканомікі з вынікамі апытання кіраўнікоў беларускіх прамысловых прадпрыемстваў.
Адзін з ключавых сігналаў — падзенне попыту. За месяц яго баланс знізіўся на 14 пунктаў і перайшоў у адмоўную зону, да −6 пунктаў.
На прадпрыемствах скарачаецца і вытворчасць. Пра гэта паведамілі 36% апытаных кіраўнікоў.
Пагаршаюцца і фінансавыя паказчыкі: 34% прадпрыемстваў паведамілі пра зніжэнне прыбытку, а сярэдняя рэнтабельнасць галіны склала 6,8%.
Індэкс дзелавой актыўнасці заводаў складае 34 пункты пры мяжы росту ў 50 пунктаў. Ніжэй за гэтую мяжу паказчык знаходзіцца ўжо некалькі месяцаў.
Індэкс прамысловага аптымізму складае −18 пунктаў. Адказаў кіраўнікоў прадпрыемстваў «стала горш» стабільна больш, чым «стала лепш».
Такім чынам, афіцыйная статыстыка дэманструе «ўстойлівы рост», у той час як унутраныя апытанні самога Міністэрства эканомікі фіксуюць адваротнае: попыт падае, дзелавая актыўнасць знаходзіцца на мінімальным узроўні, ацэнкі кіраўнікоў прадпрыемстваў застаюцца адмоўнымі.
Рэальны стан беларускай прамысловасці адлюстроўваюць не тэлевізійныя зводкі, а лічбы ва ўнутраных дакументах дзяржаўных органаў.











