Юлія Міцкевіч: Важна было бачыць, як людзі пасля гадоў у турме атрымліваюць першы глыток свабоды
2026-09-17
Выконваючая абавязкі прадстаўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Юлія Міцкевіч распавяла пра сустрэчу ў Вільні 25 палітвязняў, вызваленых 16 верасня.
«Для мяне гэта была першая група палітвязняў, якую я сустракала ўжо ў новай ролі. Учора я адначасова была і прадстаўніцай Кабінета, адказвала на пытанні журналістаў, і звычайнай валанцёркай: паказвала людзям, дзе душ, кухня, дзе можна паесці, куды пайсці да медыка, дапамагала атрымаць тэлефоны і пакеты першай дапамогі».
Асабліва моцным момантам, паводле Юліі Міцкевіч, сталі сустрэчы вызваленых з роднымі, сябрамі і калегамі:«Было вельмі шмат людзей, усе хацелі пагаварыць, абняцца. Для мяне было вельмі важна проста назіраць, як людзі, якія правялі шмат гадоў у беларускай турме, атрымліваюць гэты глыток свабоды і магчымасць нарэшце пабачыць тых, каго даўно не бачылі і па кім вельмі сумавалі».
Сярод вызваленых Юлія Міцкевіч сустрэла свайго шматгадовага сябра і калегу Андрэя Аляксандрава, а таксама Ірыну Злобіну, Таццяну Кузіну, Людмілу Чэкіну і іншых. Ад адной з вызваленых яна таксама атрымала вестку ад палітзняволенай Вольгі Брыцікавай: яна трымаецца і захоўвае добры настрой.
Цяпер вызваленыя атрымліваюць сабраную для іх неабходную дапамогу. Тыя, хто застаецца ў Літве, будуць атрымліваць кансультацыі па пытаннях легалізацыі, дакументаў і іншых міграцыйных працэдур. Частка вызваленых плануе пераехаць у Польшчу, дзе іх далей будзе суправаджаць мясцовая каардынацыйная каманда.«Гэта ўжо наладжаныя працэсы. Дзякуй камандзе кааліцыі праваабарончых і гуманітарных арганізацый, маёй каляжанцы Вользе Зазулінскай і нашым партнёрам, якія ведаюць, як усё гэта арганізаваць. Са свайго боку я буду працягваць дапамагаць і працаваць, у тым ліку над далейшым працэсам вызвалення палітвязняў».
Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы працягне ўдзельнічаць у падтрымцы вызваленых і іх далейшай адаптацыі, а таксама ў працы, звязанай з працэсам вызвалення іншых палітвязняў.








