У Вільнюсе рыхтуюцца да магчымага вызвалення новай групы беларускіх палітвязняў
2026-09-15
Спецпасланнік прэзідэнта ЗША па Беларусі Джон Коўл прыбыў у Мінск, дзе праводзіць перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам. На гэтым фоне ў найбліжэйшы час чакаецца магчымае вызваленне новай групы палітвязняў.
Выконваючая абавязкі прадстаўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Юлія Міцкевіч распавяла, што ў Вільнюсе ўжо гатовыя прыняць вызваленых.
«Пакуль мы не ведаем, колькі гэта будзе людзей, колькі з іх застанецца ў Беларусі, колькі будзе прывезена ў Літву і ці будзе гэта, як у папярэднія разы, прымусовы вываз без дакументаў. Хто менавіта будзе вызвалены, мы, хутчэй за ўсё, таксама не будзем ведаць да апошняга»,
— адзначыла Юлія Міцкевіч.
Кааліцыя праваабарончых арганізацый і дэмакратычныя сілы, у тым ліку Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы, падрыхтавалі спісы палітвязняў. Асобна ў іх ёсць гуманітарны спіс — палітвязні, якія знаходзяцца ў найбольш уразлівым становішчы. Гэта людзі сталага ўзросту, людзі з захворваннямі і тыя, хто знаходзіцца ў цяжкім фізічным стане і ў першую чаргу патрабуе неадкладнай медыцынскай дапамогі.
У Вільнюсе да прыёму вызваленых рыхтуюцца Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы і праваабарончыя арганізацыі, якія дапамагаюць палітвязням: «Краіна для жыцця», «Вольныя», Dissidentby, «Вясна», BYSOL і іншыя.
Юлія Міцкевіч будзе знаходзіцца ў шэлтары «Краіны для жыцця», дзе ўжо ўсё гатова да прыёму вызваленых. Там будуць працаваць валанцёры і валанцёркі, якія пры неабходнасці змогуць аказаць першую медыцынскую дапамогу. Для кожнага вызваленага падрыхтаваны набор неабходных на першы час рэчаў: адзенне, сродкі асабістай гігіены, мабільны тэлефон. Ёсць і неабходныя лекі, якія могуць спатрэбіцца чалавеку адразу пасля вызвалення.
«З нашага боку мы цалкам падрыхтаваныя. Усе працэсы наладжаныя, ёсць аператыўная камунікацыя з літоўскім і амерыканскім бакамі, а таксама паміж Прадстаўніцтвам і праваабарончымі арганізацыямі, якія займаюцца дапамогай і падтрымкай»,
— распавяла Юлія Міцкевіч.
Праграмы рэабілітацыі таксама ўжо падрыхтаваныя. Але тое, якая менавіта дапамога спатрэбіцца чалавеку, будуць вырашаць разам з ім пасля вызвалення. Камусьці трэба будзе знайсці асобную кватэру, хтосьці зможа застацца ў шэлтары, а хтосьці захоча паехаць да сяброў, сваякоў ці знаёмых у Вільнюсе.
«Гэтая праца ўжо добра наладжаная. Мы будзем сачыць за тым, як развіваецца сітуацыя, аператыўна даваць інфармацыю і дзейнічаць зыходзячы з патрэбаў вызваленых. Вялікі дзякуй усёй камандзе, якая працуе разам»,
— падкрэсліла Юлія Міцкевіч.
Раней у межах перамоўнага працэсу пры пасярэдніцтве ЗША ўжо адбыліся некалькі буйных вызваленняў палітвязняў. У снежні 2025 года былі вызваленыя 123 чалавекі, у сакавіку 2026 года — яшчэ 250. У ліпені Лукашэнка памілаваў яшчэ 28 асуджаных. Паводле ацэнкі Джона Коўла, агулам з улікам розных указаў аб памілаванні на волю выйшлі каля 700–800 чалавек.




