Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Падтрымка і рэабілітацыя палітвязняў застаюцца адным з прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета

2026-09-11

Вызваленне з беларускай турмы для многіх палітвязняў не азначае заканчэння выпрабаванняў. Пасля зняволення людзі сутыкаюцца з наступствамі катаванняў і пастаяннага стрэсу, хранічнымі захворваннямі, праблемамі з зубамі, зрокам, апорна-рухальным апаратам, а таксама цяжкімі псіхалагічнымі наступствамі.

Пра гэта выконваючая абавязкі прадстаўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы Юлія Міцкевіч распавяла ў матэрыяле Deutsche Welle, прысвечаным здароўю былых палітвязняў і дапамозе пасля вызвалення.

«Людзі вельмі розныя, у кожнага свой арганізм і свая рэакцыя псіхікі на перажыты стрэс. Напрыклад, я правяла ў турме ўсяго 15 сутак, а не гады, як многія іншыя, але нават у мяне дыягнаставаныя комплексны ПТСР і клінічная дэпрэсія. З падобнымі праблемамі сутыкаецца велізарная колькасць людзей»,
— адзначыла Юлія Міцкевіч.

Асобная праблема — скарачэнне міжнароднай дапамогі. Паводле Юліі Міцкевіч, аб’ёмы міжнароднай донарскай падтрымкі на гуманітарныя мэты зніжаюцца, таму ўсё большую ролю адыгрывае салідарнасць саміх беларусаў.

«Мяне неверагодна кранае, што ўжо шэсць гадоў беларусы працягваюць збіраць грошы праз партнёрскія платформы, такія як BYSOL, на лячэнне, рэабілітацыю і падрыхтоўку дзяцей палітвязняў да школы. Гэтая бесперапынная ўзаемадапамога і салідарнасць — наша галоўнае сумеснае дасягненне, якое дазваляе выстаяць і рухацца далей».

Пасля дэмакратычных зменаў дапамога ахвярам палітычных рэпрэсій павінна стаць часткай дзяржаўнай палітыкі. Для іх павінны быць заканадаўча прадугледжаныя сацыяльныя гарантыі, медыцынская рэабілітацыя і матэрыяльныя кампенсацыі.

Main carousel image