Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

«Дзяды» — гэта пра народы, якія стагоддзямі змагаліся за свабоду, за права быць сабой, мець уласныя традыцыі

2026-09-05

Кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская разам з намеснікам кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Паўлам Латушкам па запрашэнні Канцэлярыі Прэзідэнта Польшчы ўзялі ўдзел у цэнтральных урачыстасцях 15-й акцыі «Нацыянальнае чытанне», якія прайшлі пад патранатам польскай прэзідэнцкай пары.

У гэтым годзе для агульнанацыянальнага чытання была абрана паэма «Дзяды» вялікага беларуска-літоўска-польскага паэта Адама Міцкевіча.

Урачыстасць адкрыў Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі з жонкай Мартай Наўроцкай, які асобна прывітаў прадстаўнікоў дэмакратычных сіл Беларусі.

Сярод прамоўцаў і выканаўцаў, якія чыталі «Дзяды», былі польскія, літоўскія, а таксама беларускія артысты — Бажэна Шамовіч і Аляксей Сапыркін.

«Паэма "Дзяды" Адама Міцкевіча мае фундаментальнае значэнне для беларускага народа, бо яна прасякнута глыбокай павагай да нашай гісторыі, фальклору і духоўных традыцый. У аснову твора пакладзены старажытны беларускі абрад ушанавання продкаў. Праз "Дзяды" Міцкевіч зафіксаваў дух Навагрудчыны і Палесся. Паэма адлюстроўвае імкненне да свабоды і пратэст супраць прыгнёту, што робіць яе вечным выразнікам свабодалюбнага духу нашага народа і яго нястомнай барацьбы за сваю праўду», — адзначыў Павел Латушка.

«Дзяды» — гэта наша супольная спадчына: беларусаў, палякаў і літоўцаў. Гэта твор пра народы, якія стагоддзямі змагаліся за свабоду, за права быць сабой, мець уласныя традыцыі і жыць на сваёй зямлі паводле свайго сумлення.

«У бытнасць паслом Беларусі ў Польшчы меў гонар быць адным з ініцыятараў усталявання помніка Адаму Міцкевічу ў цэнтры Мінска на вуліцы Гарадскі Вал, а ў адкрыцці гэтага помніка ў кастрычніку 2003 года ўзяў удзел маршалак Сената Польшчы», — падкрэсліў Павел Латушка.

Павел Латушка як сімвалічны жэст узяў з сабой на «Нацыянальнае чытанне» іншы твор Адама Міцкевіча — «Пан Тадэвуш» на беларускай мове, выдадзены ў 1985 годзе ў Мінску ў перакладзе Язэпа Семяжона, які з’яўляецца братам дзеда Паўла Латушкі. Гэтае выданне пачынаецца з партрэта Адама Міцкевіча рукі народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча.

Менавіта аўтарскую копію партрэта Адама Міцкевіча да дазенага выдання ў выкананні народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча Павел Латушка падараваў прэзідэнту Польшчы Аляксандру Кваснеўскаму ў дзень уручэння даверчых лістоў Пасла Беларусі ў Польшчы.

Main carousel image