Вадзім Кабанчук: беларусаў могуць выкарыстаць як «гарматнае мяса»
2026-09-04
Прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы Вадзім Кабанчук у інтэрв’ю «Белсату» распавёў пра рызыку прымусовай мабілізацыі беларусаў у выпадку расійскай акупацыі.
На думку Кабанчука, у Беларусі можа паўтарыцца сцэнар акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны, дзе мужчын прымусова мабілізоўвалі і адпраўлялі на вайну.
«Я не бачу аргументаў, чаму яны не могуць зрабіць гэта яшчэ раз. Імперыя не шкадуе нават уласны народ. Чаму яна павінна думаць пра беларусаў?»
Прымусовая мабілізацыя, паводле Кабанчука, можа пачацца з асобных груп: зняволеных або «нядобрасумленных працаўнікоў вёскі», якіх цяпер прымусова навучаюць вайсковай справе. Пасля яна можа закрануць значна шырэйшае кола беларусаў.
«А далей, калі “пракоціць”, могуць пачаць забіраць ужо ўсіх без разбору».
Тым, хто абгрунтавана асцерагаецца прызыву, Кабанчук раіць разгледзець магчымасць загадзя пакінуць Беларусь. У выпадку ваеннага крызісу межы могуць быць закрытыя, і магчымасці для выезду ўжо не застанецца.
Калі чалавека ўсё ж прымусова мабілізуюць, Кабанчук раіць захоўваць сябе, не наносіць шкоды іншым і сабатаваць выкананне злачынных загадаў. Аднак ён прызнае, што на практыцы магчымасці супрацьстаяць прымусу могуць быць вельмі абмежаваныя.
«У іх сапраўды ёсць страшныя, але пры гэтым эфектыўныя інструменты прымусу чалавека бегчы ў адзін канец».



