Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Беларускіх добраахвотнікаў могуць звольніць з украінскага войска, бо яны не могуць аднавіць беларускія пашпарты

2026-08-28

Намесніца прадстаўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы ў пытаннях працы з добраахвотнікамі і іх сем’ямі Анастасія Махамет у каментары «Суспільнаму» распавяла пра прававую пастку, у якой могуць апынуцца беларускія добраахвотнікі ва Украіне.

Згодна з новымі нормамі ўкраінскага заканадаўства, да 10 лістапада ўсе замежныя вайскоўцы, якія служаць у Сілах абароны, павінны прайсці працэдуру легалізацыі. Для гэтага неабходна прад’явіць арыгінал дакумента, які пацвярджае асобу.

Аднак частка беларускіх добраахвотнікаў страціла пашпарты падчас службы. Аднавіць іх ва Украіне немагчыма, а вяртанне ў Беларусь для людзей, якія ваявалі на баку Украіны, пагражае крымінальным пераследам.

«У міграцыйным заканадаўстве наўпрост прапісана, што ты павінен прад’явіць арыгінал дакумента. Потым у ДМС робяць копію, ставяць пазнаку, што копія правільная, — і вяртаюць табе арыгінал. Але ты павінен быў прынесці яго і паказаць супрацоўніку службы. А чалавек, у якога фізічна няма пашпарта, не можа ўвайсці ні ў якую працэдуру»,
— патлумачыла Анастасія Махамет.

Такім чынам, чалавек можа гадамі служыць ва Украіне, але не мець магчымасці выканаць патрабаванні міграцыйнага заканадаўства. Паводле Махамет, ёй вядома як мінімум пра восем выпадкаў страты пашпартоў беларускімі добраахвотнікамі.

Пры гэтым узнікае рызыка, што пасля заканчэння тэрміну легалізацыі такіх вайскоўцаў пачнуць звальняць са службы.

«Неафіцыйна я чула такую пазіцыю шэрагу вайсковых частак: калі нічога не зменіцца, то напрыканцы вызначанага для легалізацыі тэрміну людзей без пашпартоў будуць звальняць. На якой падставе? Асобнае пытанне. Магчыма, ім дазволяць напісаць заяву на звальненне па ўласным жаданні або іх давядзецца звольніць па артыкуле за парушэнне міграцыйнага заканадаўства. Гэта вельмі складанае пытанне, бо ў чалавека няма дакументаў, але проста выгнаць яго з Украіны — ну гэта таксама не вельмі добра»,
— адзначыла Махамет.

Адным з магчымых рашэнняў яна называе ўключэнне ваеннага білета ў пералік дакументаў, якія пацвярджаюць асобу і прававы статус чалавека. Махамет рыхтуе зварот у Міністэрства абароны Украіны, каб высветліць магчымасць такога рашэння.

З якімі яшчэ праблемамі сутыкаюцца беларускія добраахвотнікі і ветэраны?

Нават пры наяўнасці пашпарта пасля звальнення могуць узнікаць складанасці з легалізацыяй. Паводле Махамет, часам супрацоўнікі міграцыйнай службы няправільна тлумачаць права чалавека на легалізацыю, а часам для працэдуры не хапае дакументаў, якія неабходна атрымаць у вайсковай частцы.

Асобная праблема — становішча сем’яў беларускіх добраахвотнікаў. Калі дзіцяці замежнага вайскоўца спаўняецца 18 гадоў, яно больш не лічыцца членам сям’і для атрымання дазволу на міграцыю на падставе службы бацькі ці маці. Такога права таксама не маюць працаздольныя бацькі вайскоўца.

Ёсць праблемы і з выплатамі сем’ям загінулых. Паводле Махомет, на практыцы адмовы могуць атрымліваць сваякі з беларускім грамадзянствам, нават калі яны жывуць ва Украіне.

«У нас нават ёсць выпадак адмовы ў выплатах дзяўчыне, якая сама служыла. Чалавек жыве на тэрыторыі Украіны, ваяваў за яе, і яго ставяць у адзін шэраг з лукашыстамі, з расіянамі, якія па іншы бок»,
— распавяла Махамет.

Яшчэ адна заканадаўчая лакуна датычыцца сем’яў зніклых без вестак і палонных. Сваякі загінулых замежных вайскоўцаў могуць атрымаць дазвол на міграцыю, а пазней — грамадзянства Украіны. Для сем’яў зніклых без вестак і ваеннапалонных такой магчымасці не прадугледжана.

«Хоць гэтая група больш уразлівая, нават больш за тое — у іх няма ніякай маральнай прычыны пакідаць Украіну, бо гэта як кінуць роднага чалавека ў невядомым стане»,
— падкрэсліла Анастасія Махамет.

Такім чынам, нягледзячы на спрашчэнне ўкраінскага заканадаўства для замежных добраахвотнікаў, шэраг прававых прабелаў застаецца. Яны датычацца легалізацыі вайскоўцаў і ветэранаў, якія не могуць аднавіць дакументы, а таксама прававога становішча і сацыяльнай абароны іх сем’яў.

Main carousel image