Аб’яднаны Пераходны Кабінет выказвае спачуванні ў сувязі са смерцю Уладзіслава Стальмахова
2026-08-27
26 жніўня памёр беларускі мастак і дызайнер Уладзіслаў Стальмахоў. Яму было 56 гадоў.
Аб’яднаны Пераходны Кабінет выказвае шчырыя спачуванні родным, блізкім, сябрам і калегам Уладзіслава Стальмахова.
Прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі:
«Смерць мастака – гэта заўжды цяжкая страта не толькі для яго родных, але і для ўсяго грамадства. Уладзіслаў Стальмахоў быў не толькі прызнаным у свеце майстрам, аўтарам шматлікіх твораў, дызайнерскіх праектаў і выстаў. Гэта быў чалавек з выразнай грамадзянскай пазіцыяй. Як і шмат хто з творчых асоб ў Беларусі ён не змог застацца бесстароннім пасля падзей 2020 года, за што атрымаў пераслед на радзіме і быў змушаны да эміграцыі. У серыі яго прац «Жодзінскі пленэр» мастак закрануў вельмі балючую тэму рэжыму ўтрымання беларускіх палітзняволеных. Гэта яшчэ адна трагічная навіна, якая апошнім часам скаланае культурніцкую і грамадзянскую беларускую супольнасць. Самыя шчырыя спачуванні блізкім і знаёмым мастака і дызайнера Уладзіслава Стальмахова».




