Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

3 складаныя жыццёвыя сітуацыі з беларусамі ў Польшчы і 3 станоўчыя вырашэнні

2026-08-13

«Адной з галоўных задач нашай каманды з’яўляецца канкрэтная дапамога беларусам. Хацеў бы падзяліцца трыма апошнімі складанымі лёсавымі сітуацыямі, у якіх нам удалося дапамагчы беларусам», — адзначыў намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

1. Пераадоленне Дублінскай працэдуры

Былая палітзняволеная, дэпартаваная з Беларусі ў снежні 2025 года, падала запыт на міжнародную абарону ў Польшчы. Аднак падчас разгляду справы па вызначэнні адказнай дзяржавы было выяўлена, што такой краінай з’яўляюцца Нідэрланды (паколькі да зняволення жанчына атрымала нідэрландскую візу).

Разам з ініцыятывай «Вольныя» нам удалося дабіцца магчымасці прадставіць дадатковыя дакументы, якія дазволілі абгрунтаваць права былой палітзняволенай пачаць працэдуру легалізацыі на тэрыторыі Польшчы. Гэта пытанне абмяркоўвалася таксама падчас сустрэчы Паўла Латушкі з кіраўніком Ведамства па справах іншаземцаў Польшчы Томашам Цытрыновічам.

У выніку была дасягнута дамоўленасць пра адмову ад прымянення Дублінскай працэдуры — разгляд заявы адбыўся на тэрыторыі Польшчы. Пасля некалькіх тыдняў чакання былая палітзняволеная атрымала станоўчае рашэнне аб прадастаўленні міжнароднай абароны ў Польшчы.

2. Узз’яднанне з дзіцём

У іншай былой палітзняволенай, таксама дэпартаванай у снежні 2025 года, у Беларусі засталося непаўналетняе дзіця пад апекай аднаго з сваякоў. Рэжым пагражаў сваяку крымінальным пераследам у выпадку вывазу дзіцяці з краіны і перадачы маці.

Наша каманда знаходзілася на пастаяннай сувязі з жанчынай і актыўна садзейнічала ў камунікацыі з дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі некалькіх дэмакратычных дзяржаў, якія далучыліся да вырашэння гэтай праблемы. Таксама мы звярнуліся ў МЗС Польшчы з просьбай аб выдачы польскай візы сваяку, які мог бы суправадзіць дзіця былой палітзняволенай, і атрымалі станоўчы адказ.

На сёння дзіця ўжо паспяхова выехала з Беларусі і знаходзіцца разам з маці.

3. Візы для родных па натарыяльных запрашэннях

Да нашай каманды звярнулася беларуска, якая пражывае ў Польшчы на падставе дазволу на часовае пражыванне, атрыманага па гуманітарных прычынах. Яна хацела запрасіць сваіх бацькоў, якіх не бачыла некалькі гадоў. Жанчына аформіла натарыяльнае запрашэнне і накіравала яго ў польскае консульства, аднак консульства заявіла пра немагчымасць яго выкарыстання і параіла звярнуцца ў Ваяводскае ўпраўленне, дзе ёй паведамілі, што аформіць запрашэнне праз іх можна будзе толькі пасля 5 гадоў пражывання ў Польшчы.

Яна апынулася ў бязвыхадным становішчы і звярнулася да нас. Павел Латушка накіраваў зварот у Консульскі дэпартамент МЗС Польшчы з тлумачэннем сітуацыі.

У афіцыйным адказе МЗС Польшчы падкрэсліла:

Беларусы, «якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Польшча на падставе гуманітарных віз, дазволаў на часовы побыт (атрыманых па гуманітарных прычынах) або дадатковай абароны, а таксама бліжэйшыя члены іх сем’яў (бацькі, дзеці, дзядулі, бабулі, унукі) маюць поўнае права звяртацца па візы на падставе натарыяльна завераных запрашэнняў».

Атрымаўшы гэтае афіцыйнае тлумачэнне, беларуска паўторна падала натарыяльнае запрашэнне ў консульства — і яе бацькі ўжо атрымалі візы.

Больш за тое, дзякуючы атрыманаму НАУ тлумачэнню, іншыя беларусы ў аналагічных абставінах таксама змаглі і могуць далей афармляць візы для сваіх блізкіх сваякоў.

«Для мяне важна не толькі весці дзейнасць у палітычнай сферы, сферы адказнасці, нарошчвання ціску на рэжым Лукашэнкі, якая набліжае нашу Беларусь да нармальнасці, вяртання вяршэнства права і дэмакратыі, але і для нашай каманды ды фракцыі «Латушка і Рух "За Свабоду"» ў КР прыярытэтам з’яўляецца дапамога канкрэтным беларусам і беларускам, якія праз дзеянні рэжыму Лукашэнкі апынуліся ў цяжкай сітуацыі. І ведаеце, няма больш каштоўнага, чым простая падзяка ад людзей, якім наша каманда змагла дапамагчы.

Я шчыра ўдзячны Польшчы і польскім уладам за пастаянную эфектыўную камунікацыю і адкрытасць у вырашэнні праблем беларусаў, якія былі вымушаны пакінуць Радзіму», — падсумаваў Павел Латушка.

Main carousel image