У 2026 годзе падаецца рэкордная колькасць заяў на атрыманне польскага дакумента падарожніка
2026-08-11
«У Мазавецкім ваяводскім упраўленні ў Варшаве прыкладаюцца ўсе намаганні для таго, каб абслугоўванне заяў праходзіла аператыўна, а справы разглядаліся ў найкарацейшы магчымы тэрмін», — адзначана ў адказе ваяводы Мазавецкага Марыўша Франкоўскага на зварот намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі, у якім адзначаліся праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы пры падачы на польскі дакумент падарожніка.
У сваім адказе ваявода Мазавецкі адзначыў, што для прыёму заяў на выдачу польскага дакумента падарожніка выдзелены тры працоўныя месцы непасрэднага абслугоўвання кліентаў ва Упраўленні па справах замежнікаў Мазавецкага ваяводскага ўпраўлення. А колькасць талонаў, якія штодня выдзяляюцца, залежыць ад кадравых магчымасцей.
«Немагчымасць узяць талон не азначае закрыцця шляху для падачы заявы. Інфармацыя пра альтэрнатыўныя спосабы падачы заявы размешчана на вэб-сайце данага Упраўлення. Адпаведная заява можа быць, напрыклад, адпраўлена праз Poczta Polska S.A. або платформу e-Doręczenia. Справы аб выдачы польскага дакумента падарожжа разглядаюцца, як правіла, на працягу 30 дзён».
Як праінфармаваў ваявода, колькасць заяў на выдачу польскага дакумента падарожніка (пераважна ад грамадзян Беларусі) расце з кожным годам. У 2023 годзе да Мазавецкага ваяводы паступіла 1028 заяў на выдачу адпаведнага дакумента, у 2024 годзе паступіла 2003 заявы, а ў 2025 годзе — 3015 заяў. У сваю чаргу, да 30.06.2026 года да Мазавецкага ваяводы паступіла ўжо 2105 заяў. Паколькі дакумент падарожніка выдаецца на 1 год, штогод адбываецца кумулятыўны эфект пры выдачы дакументаў, а таксама заявы ўпершыню падаюць грамадзяне Беларусі, у якіх скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарта. З гэтага вынікае наплыў заяўнікоў, якія чакаюць падачы заявы на выдачу польскага дакумента падарожніка.
«Нягледзячы на той факт, што да Мазавецкага ваяводы паступае найбольшая колькасць заяў замежнікаў на выдачу польскага дакумента падарожніка, справы разглядаюцца ў адміністрацыйныя тэрміны і затрымак у выдачы дакументаў няма. Запэўніваю таксама, што прыярытэтам данага органа з'яўляецца забеспячэнне высокай якасці абслугоўвання і задаволенасць кліента», — падкрэсліў Марыўш Франкоўскі.



