Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Гуманітарныя візы, легалізацыя і транснацыянальныя рэпрэсіі: Павел Латушка правёў сустрэчу ў МЗС Польшчы

2026-08-06

Выдача польскіх гуманітарных віз для былых палітычных зняволеных і членаў іх сем’яў, рэпрэсаваных беларусаў, а таксама легалізацыя былых палітвязняў і членаў іх сем’яў на тэрыторыі Польшчы стала адной з галоўных тэм абмеркавання падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі з дырэктаркай Кансульскага дэпартамента МЗС Польшчы Юстынай Хжаноўскай.

У сустрэчы таксама ўзяў удзел юрыст НАУ, дэлегат Каардынацыйнай Рады Міхаіл Кірылюк.

Падчас сустрэчы бакі абмеркавалі пытанні:
– выдачы польскіх гуманітарных віз для былых палітычных зняволеных і членаў іх сем’яў;
– легалізацыі былых палітвязняў і членаў іх сем’яў на тэрыторыі Польшчы;
запрашэння блізкіх членаў сем’яў грамадзян Беларусі, якія маюць у Польшчы дазвол на пражыванне з гуманітарных прычын;
– звязаныя з наданнем міжнароднай абароны для грамадзян Беларусі на тэрыторыі Польшчы з улікам новых падыходаў да міграцыйнай палітыкі ў Польшчы.

У ходзе сустрэчы былі знойдзены рашэнні пры падтрымцы МЗС Польшчы па шэрагу складаных індывідуальных сітуацый, звязаных з гуманітарным садзейнічаннем грамадзянам Беларусі.

Асобна Павел Латушка прадставіў разгорнутую інфармацыю пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. Спецыяльна для гэтай сустрэчы ініыятывай па падтрымцы палітычных зняволеных «Dissidentby» была падрыхтавана інфармацыя, у якой паведамляецца пра тое, што ў ліпені 2026 года зафіксавана 78 новых крымінальных спраў палітычнага характару. У шырэйшым кантэксце, з пачатку 2026 года зафіксавана 694 новыя выпадкі палітычна матываваных пераследаў.

Таксама падчас сутрэчы была прадстаўлена інфармацыя праваабарончага цэнтра «Вясна», што за ліпень 2026 года 38 чалавек прызнаны палітвязнямі.

Павел Латушка асабліва звярнуў увагу на тое, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не змянілася. Працягваецца вынясенне палітычных прысудаў, набываюць моц прысуды па крымінальных справах, распачатых у папярэднія гады. Адначасова значна пашыраецца так званы «спіс экстрэмісцкіх арганізацый». У якасці прыкладу былі прыведзены апошнія рашэнні судоў рэжыму пра ўключэнне ў т.зв. спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» Еўраньюс, Польскага агенцтва друку (PAP), а таксама прызнанне Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй». Павел Латушка адзначыў, што сотні беларускіх ініцыятыў, зарэгістраваных як у Беларусі, так і на тэрыторыі Польшчы і іншых еўрапейскіх краін, прызнаны «экстрэмісцкімі арганізацыямі».

Прадстаўнікі польскага МЗС пагадзіліся, што не было і няма падстаў лічыць, што рэжым Лукашэнкі памяншае рэпрэсіі ў Беларусі.

Адносна паездак у Беларусь асоб, якія маюць падвойнае грамадзянства — Беларусі і Польшчы, прадстаўнікі польскага МЗС адзначылі важнасць прымаць да ўвагі, што «польскія грамадзяне, якія таксама маюць беларускае грамадзянства, паводле беларускага права разглядаюцца выключна як грамадзяне Беларусі. Тым самым у крызіснай сітуацыі польскі консул не будзе мець магчымасці аказаць консульскую дапамогу польскаму грамадзяніну, які мае таксама грамадзянства Беларусі. Гэта тычыцца і непаўналетніх».

Павел Латушка падзякаваў за эфектыўныя працоўныя сустрэчы з кіраўніцтвам Консульскага дэпартамента МЗС Польшчы. Выказаў падзяку за дапамогу, якую ажыццяўляе знешнепалітычнае ведамства Польшчы ў атрыманні гуманітарных віз для грамадзян Беларусі, таксама за дапамогу ў вырашэнні розных складаных індывідуальных сітуацый. Дасягнута дамоўленасць, што на пастаяннай аснове ў МЗС Польшчы будуць і надалей перадавацца інфармацыйныя матэрыялы пра рэпрэсіі ўнутры Беларусі.

Асобна Павел Латушка праінфармаваў пра павелічэнне ў апошнія дні транснацыянальных рэпрэсій у дачыненні да грамадзян Беларусі, якія пражываюць на тэрыторыі Польшчы, звязаных з завочнымі прысудамі, спробамі вярбоўкі, шантажу, аказання ціску на актывістаў праз блізкіх і сваякоў, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі.

Фота: Архіўнае

Main carousel image