Прадстаўніцтва Аб'яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні распрацавала чатыры стратэгічныя дакументы, прысвечаныя мове, культуры, адукацыі і інфармацыйнай палітыцы.
2026-08-06
За кожным з іх — месяцы даследаванняў, аналізу, працы з экспертамі і выпрацоўкі практычных рэкамендацый. Дакументы не толькі апісваюць актуальныя выклікі, але і прапануюць магчымыя сцэнарыі развіцця і крокі, якія ўжо сёння могуць зрабіць дэмакратычныя сілы, грамадзянская супольнасць і міжнародныя партнёры.
Пра тое, чаму гэтыя дакументы важныя, расказваюць аўтары.
Павел Баркоўскі, Прадстаўнік АПК па нацыянальным адраджэнні:«Мы так даўно звыкліся з тым, што з беларускай мовай у Беларусі ўсё кепска, што ўжо нават не заўважаем, наколькі. А што, калі мова можа знікнуць цягам бліжэйшых пакаленняў? Без нашых аб'яднаных высілкаў яна можа быць вырачаная на смерць, а следам за ёй — і сама нацыя. Мы аналізуем тэндэнцыі, разглядаем магчымыя сцэнарыі і прапануем рэкамендацыі, што яшчэ можна зрабіць. Бо беларуская мова — гэта наша супольная справа».
Ірэна Кацяловіч, намесніца Прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні ў пытаннях культуры:«Часта кажуць, што мы не маем улады над сітуацыяй у Беларусі. Я прапаную паглядзець на гэта інакш: культура — адзін з нямногіх інструментаў, праз якія мы ўсё яшчэ можам уплываць на будучыню краіны».
Андрэй Лаўрухін, намеснік Прадстаўніка па нацыянальным адраджэнні ў пытаннях адукацыі і навукі:«Беларуская адукацыя і навука ўнутры краіны і за яе межамі стаяць перад беспрэцэдэнтнымі выклікамі, якія ставяць пад пытанне будучыню новых пакаленняў Беларусі. Ад таго, як мы адкажам на гэтыя выклікі сёння, залежыць далейшы лёс усіх нас».
Ксенія, спецыялістка па інфармацыі і стратэгічнай камунікацыі:«Як прасоўваць і захоўваць беларускасць, калі ўнутры краіны ўсё беларускае знаходзіцца пад забаронамі і рэпрэсіямі, а за яе межамі нацыянальная ідэнтычнасць часта адыходзіць на другі план? Мы абмяркуем, якая камунікацыя сапраўды працуе, а што ўспрымаецца як прымус. Хто адказвае за захаванне беларускай нацыі? І як у гэтым могуць дапамагчы стратэгічныя камунікацыі?»
Прэзентацыя дакументаў адбудзецца падчас спецыяльнага мерапрыемства «Мова, культура, адукацыя і медыя: нябачны фронт за Беларусь» у межах Канферэнцыі «Новая Беларусь».
📍 Варшава, Канферэнцыя «Новая Беларусь»
📅 7 жніўня, 11:00–12:30
Запрашаем далучыцца!
Мерапрыемства адкрытае для ўсіх ахвотных. Для ўдзелу неабходна папярэдняя рэгістрацыя, паколькі колькасць месцаў абмежаваная.
Рэгістрацыя па спасылцы: ТУТ



