«30 гадоў яны дбаюць пра беларускае слова і песню»: Павел Латушка павіншаваў гурт «Прымакі»
2026-08-02
«Прадстаўляючы беларускую дыяспару, якая жыве ў Польшчы, а таксама ўсіх тых беларусаў з Беларусі, якія любяць беларускую культуру, для мяне вялікі гонар сказаць вялікі дзякуй ансамблю «Прымакі» за тое, што на працягу 30 гадоў яны дбаюць пра беларускае слова, пра беларускую мову, пра беларускую культуру і пра беларускую песню», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас фестывалю «Прымацкая бяседа», прымеркаванага да 30-годдзя фальклорнага калектыву «Прымакі».
На фестывалі таксама прысутнічалі віцэ-маршалак Сената Мацей Жыўна, ваявода Падляшскага ваяводства Яцак Бжазоўскі і прэзідэнт Беластока Тадэвуш Трускаляскі.
Падчас фестывалю Павел Латушка і прадстаўнік па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Уладзімір Астапенка ўрачыста ўзнагародзілі ад імя Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Юрыя Астапчука — дзеяча беларускай меншасці ў Польшчы, педагога, арганізатара фестываляў беларускай культуры ў Польшчы, заснавальніка, мастацкага кіраўніка і саліста беларускага гурта «Прымакі», арганізатара і шматгадовага дырэктара міжнароднага фестывалю «Прымацкая бяседа» (аднаго з найбуйнейшых беларускіх культурных форумаў у Польшчы) — Медалём Францыска Скарыны за значны ўнёсак у захаванне і папулярызацыю культуры беларускай меншасці ў Польшчы, падтрымку нацыянальных традыцый і мовы.
«Мы пазнаёміліся з Юркам Астапчуком 30 гадоў таму. Адбылося гэта ў Сакулцы, горадзе недалёка ад мяжы з Беларуссю. Тады я прыехаў як малады віцэ-консул Беларусі на беларускі фэст і першы раз пабачыў, як спяваюць «Прымакі». Гэтае першае ўражанне засталося са мной на ўсё жыццё. Пазней я прыязджаў на канцэрты «Прымакоў» ужо як амбасадар у Польшчы, як міністр культуры, як амбасадар у Францыі. І таму сёння я тут», — адзначыў Павел Латушка.
Таксама прадстаўнікі Кабінета ўрачыста ўзнагародзілі Багуславу Карчэўскую — дзеячку беларускай меншасці ў Польшчы, спявачку, педагога і арганізатарку фестываляў беларускай культуры ў Польшчы — Медалём Францыска Скарыны за значны ўнёсак у захаванне і развіццё беларускай нацыянальнай традыцыі і мовы, папулярызацыю беларускай культуры ў свеце.
«Хацеў бы сардэчна падзякаваць уладам Рэспублікі Польшча, Прэзідэнту і Прэм’ер-міністру Польшчы, за тое, што беларуская меншасць мае магчымасць прэзентаваць сваю нацыянальную культуру — за гэта мы, беларусы, вельмі ўдзячныя. Вядома, калі Беларусь будзе вольнай, мы зробім усё, каб і польская меншасць у Беларусі адчувала сябе як мага лепш», — адзначыў Павел Латушка.



