Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Эканамічныя вынікі першага паўгоддзя: каментар прадстаўніцы па эканоміцы і фінансах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Алісы Рыжычэнкі

2026-08-01

Улады паведамілі, што беларуская эканоміка за першае паўгоддзе вырасла на 1,5 %. На першы погляд гэта выглядае як прыкмета аднаўлення. Але калі паглядзець на структуру гэтага росту, карціна становіцца значна менш аптымістычнай.

Уклад у рост ВУП забяспечылі энергетыка, ІТ і падаткі на прадукты — кожная з гэтых пазіцый дадала па 0,3 працэнтнага пункта. У той жа час апрацоўчая прамысловасць — найбуйнейшая галіна беларускай эканомікі, на якую прыпадае 21,7 % ВУП, — наадварот, пацягнула паказчык уніз на 0,3 пункта.

Яшчэ больш паказальная сітуацыя — з інвестыцыямі. Уласныя сродкі прадпрыемстваў склалі толькі 40,7 % усіх укладанняў. Яшчэ 21,5 % забяспечыў бюджэт, а 16,2 % — банкаўскія крэдыты. Пасля зніжэння стаўкі да 9,25 % банкі больш чым удвая перавысілі план па інвестыцыйным крэдытаванні. Іншымі словамі, рост усё больш падтрымліваецца крэдытнымі рэсурсамі, а не фінансавымі магчымасцямі саміх прадпрыемстваў.

Ёсць і сапраўды пазітыўная навіна: рэальныя заробкі выраслі на 7,5 %. Аднак прадукцыйнасць працы павялічылася толькі на 0,6 %. Гэта азначае, што выдаткі бізнесу растуць значна хутчэй, чым эфектыўнасць працы, і такая розніца не можа доўга захоўвацца без наступстваў.

Пра праблемы сведчыць і фінансавы стан прадпрыемстваў. Доля стратных арганізацый за год вырасла з 17,9 % да 22,6 % — сёння ўжо амаль кожнае чацвёртае прадпрыемства працуе са стратамі. Пратэрмінаваная запазычанасць па крэдытах за пяць месяцаў павялічылася на 17 %, а ў Гродзенскай і Віцебскай абласцях — адразу на 48 % і 42 % адпаведна.

Пакуль працэнтныя стаўкі застаюцца нізкімі, ВУП яшчэ можа паказваць станоўчую дынаміку. Але ўсё больш прыкмет таго, што гэты рост падтрымліваецца не ўстойлівым развіццём эканомікі, а крэдытнымі рэсурсамі.

Main carousel image