28 ліпеня, у Дзень памяці абаронцаў Украіны, добраахвотнікаў і мірных жыхароў, якія былі забітыя, закатаваныя або загінулі ў расійскім палоне, прадстаўніца Аб'яднанага пераходнага кабінета па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская і яе намесніца Анастасія Махамет пракаментавалі трагедыю расійскага палону і лёс беларускіх добраахвотнікаў, якія дагэтуль застаюцца ў няволі.
2026-07-28
Вольга Зазулінская падкрэсліла, што гэтая дата мае асаблівае значэнне і для беларусаў, якія падтрымліваюць Украіну. Яна звярнула ўвагу на тое, што трагедыя Аленаўкі стала адным з самых страшных сімвалаў таго, што адбываецца з людзьмі ў расійскім палоне, а за кожным палонным стаяць ягоныя родныя, якія месяцамі і гадамі жывуць паміж надзеяй і невядомасцю.«Мы асабліва востра разумеем гэта сёння яшчэ і таму, што ў расійскім палоне застаюцца беларусы, якія сталі на абарону Украіны. Пра двух з іх мы не маем дакладнай інфармацыі: не ведаем, дзе яны знаходзяцца, у якім яны стане і нават не можам з упэўненасцю сказаць, што яны жывыя. Гэтая невядомасць не павінна станавіцца нормай вайны».
Намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы Анастасія Махамет дадала, што праблема расійскага палону — гэта не толькі пытанне чалавечага спачування, але і выканання міжнароднага гуманітарнага права. Паводле яе слоў, дзяржава, якая ўтрымлівае ваеннапалонных, абавязаная гарантаваць ім бяспеку, доступ да медыцынскай дапамогі і інфармацыю пра іх стан.«Трагедыя Аленаўкі паказала, да чаго можа прыводзіць сітуацыя, калі людзей ізалююць ад знешняга кантролю, а доступ незалежных міжнародных структур да месцаў утрымання абмяжоўваецца. Менавіта таму пытанне доступу да палонных і пацвярджэння іх стану — гэта не фармальная гуманітарная працэдура, а пытанне жыцця».
Нагадаем, што ў ноч з 28 на 29 ліпеня 2022 года ў былой папраўчай калоніі ў Аленаўцы, якая на той момант знаходзілася пад кантролем Расіі, адбыўся выбух. Загінулі дзясяткі ўкраінскіх ваеннапалонных, яшчэ больш за сотню атрымалі раненні.




