Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Скрадзеная незалежнасць

2026-07-27

27 ліпеня — найважнейшая дата для сучаснай беларускай дзяржаўнасці. Менавіта 27 ліпеня 1990 года была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.

Гэта дата — нараджэнне нашай сучаснай дзяржавы, кульмінацыя змагання, якое беларусы вялі супраць імперскай савецкай машыны. Гэта супольная перамога беларускага народа. Гэта галоўнае дзяржаўнае свята ў перыяд з 1991 па 1996 год.

Сёння гэта яшчэ і сімвал скрадзенай незалежнасці — калі Лукашэнка перанёс Дзень Незалежнасці на іншую дату, намагаючыся перапісаць нашу гісторыю.

27 ліпеня застаецца нашым арыенцірам у барацьбе за свабоду, якую мы мусім весці зноў. І гэта мэта нашай барацьбывярнуць Беларусь беларусам. Каб нашы дзяржаўныя святы былі адлюстраваннем гісторыі беларускага народа, а не вынікам рашэнняў аднаго чалавека. Чалавека, які па нейкай прычыне лічыць, што ён і ёсць Беларусь, хаця, як мы ўсе добра ведаем, з самага пачатку быў супраць незалежнасці нашай краіны.

Незалежнасць не з’явілася сама па сабе тады і не адновіцца сама па сабе зараз. За ёй стаяць людзі — шмат людзей розных перакананняў і палітычных поглядаў, але аб’яднаных адной мэтай. Нам усім важна пра гэта памятаць. Асабліва тым, хто зараз працуе ў сістэме: памятайце, што сапраўдны вораг беларускай дзяржаўнасці — гэта Лукашэнка і тыя, каму ён служыць. А служыць ён дакладна не беларускаму народу.

27 ліпеня — сапраўдны Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. І калі мы зноў зможам свабодна адзначаць свята нашай дзяржавы, гэта будзе значыць адно: Беларусь вярнулася да нармальнасці, а цёмная старонка нашай гісторыі скончана.

Жыве Беларусь!

Main carousel image