Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Вадзім Кабанчук: заявы Хрэніна пра адсутнасць умацаванняў на мяжы з Украінай не адпавядаюць рэчаіснасці

2026-07-25

Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Вадзім Кабанчук пракаментаваў заяву міністра абароны Беларусі Віктара Хрэніна, які заявіў, што Беларусь не будуе ўмацаваныя раёны на мяжы з Украінай.

Пры гэтым Хрэнін адзначыў, што ў Беларусі ўжо створаныя пяць умацаваных раёнаў уздоўж заходняй і паўночнай межаў, аднак на паўднёвым кірунку іх будаўніцтва нібыта не плануецца. Паводле яго слоў, паведамленні пра ўмацаванні на мяжы з Украінай з'яўляюцца часткай інфармацыйнай атакі.

«Гэта робіцца толькі з адной мэтай — стварыць напружанне ў нашым грамадстве, ды і ва ўкраінскім таксама, убіць клін і зрабіць з нас лютымі ворагамі»,
— заявіў Хрэнін.

Кабанчук адзначыў, што заявы беларускіх уладаў супярэчаць фактам.
«Мы бачым, што работы па ўмацаванні мяжы з Украінай вядуцца ўжо не першы год. Існуюць спадарожнікавыя здымкі, а таксама фота- і відэаматэрыялы, якія пацвярджаюць будаўніцтва новых абарончых збудаванняў на асобных участках мяжы»,
— пракаментаваў Прадстаўнік Кабінета па абароне і нацыянальнай бяспецы.

Прадстаўнік АПК таксама нагадаў, што падобныя запэўніванні беларускіх і расійскіх уладаў ужо гучалі напярэдадні поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе.
«Тады і расійскія чыноўнікі, і Віктар Хрэнін сцвярджалі, што ніякай вайны не будзе. Аднак прайшло зусім няшмат часу — і тэрыторыя Беларусі была выкарыстана для нападу на Украіну»,
— адзначыў Кабанчук.

На яго думку, сённяшнія заявы рэжыму не павінны ўспрымацца як падстава для супакаення.
«Беларускім дэмакратычным сілам, Украіне і краінам-суседзям варта зыходзіць з найгоршага сцэнару і загадзя рыхтавацца да магчымых пагроз. Асобную ўвагу неабходна звярнуць і на дэзінфармацыйную кампанію, якую сёння праводзіць рэжым Лукашэнкі»,
— падкрэсліў Вадзім Кабанчук.

Main carousel image