Памяці Юрыя Хашчавацкага
2026-07-23
Юрый Хашчавацкі — асоба легендарная ў найноўшай гісторыі Беларусі. Ён вядомы як рэжысёр-дакументаліст, які ўвесь свой творчы шлях прысвяціў драматычным эпізодам гісторыі сваёй краіны. Найбольшую славу рэжысёру прынесла яго дакументальная стужка, у якой ён выказаў сваё бачанне найноўшай гісторыі і ўласную грамадзянскую пазіцыю, — фільм «Звычайны прэзідэнт» (1996).
Аналізуючы першыя крокі пасля прыходу да ўлады ў краіне Аляксандра Лукашэнкі, рэжысёр вельмі трапна адлюстраваў гэта ў кінаэстэтыцы вядомага савецкага дакументальнага фільма «Звычайны фашызм», што звярнула ўвагу на палітычныя падзеі ў тады яшчэ малавядомай свету Беларусі не толькі дома, але і на міжнародным узроўні.
За свае працы кінарэжысёр атрымаў прызнанне на прэстыжных кінафестывалях у Сан-Францыска, Берліне і Нью-Ёрку. Ягоная кінамова дастаткова лаканічная і выразная, яна імкнецца заставацца жывым сведчаннем эпохі. Акрамя сваіх безумоўных творчых заслуг, Юрый Хашчавацкі доўгі час заставаўся для беларускага грамадства ўвасабленнем высокіх маральных якасцяў і дэмакратычных перакананняў. Ён быў актыўным чальцом Рады беларускай інтэлігенцыі. Пры стварэнні грамадскай Назіральнай рады тэлеканала «Белсат» у снежні 2008 г. стаў адным з яе членаў.
Ніякія, аднак, заслугі чалавека не характарызуюць яго больш, чым тое, якім чынам гэтая асоба захаваецца ў народнай памяці. І тут якраз няма аніякіх сумневаў, што памяць пра яго будзе доўгай і светлай.
Аб’яднаны пераходны кабінет выказвае шчырыя спачуванні родным, блізкім і сябрам Юрыя Хашчавацкага ў сувязі з цяжкай стратай.







