15 ліпеня намесніца прадстаўніцы АПК па сацыяльнай палітыцы Анастасія Махамет прыняла ўдзел у пасяджэнні Украінскага клуба бяспекі, арганізаваным пры падтрымцы Фонду Ганса Зайдэля. Сустрэча была прысвечаная трансфармацыі сектара бяспекі і абароны ў кантэксце прыцягнення замежных добраахвотнікаў.
2026-07-21
У сваім выступе яна адзначыла, што кантракт паміж дзяржавай і замежным добраахвотнікам не павінен заканчвацца разам са службай.«Украіна ўжо выбудавала сістэму прыцягнення замежнікаў і заключэння з імі кантрактаў, але дагэтуль не стварыла зразумелай сістэмы падтрымкі пасля завяршэння службы. Менавіта на гэтым этапе чалавек найчасцей застаецца сам-насам з найбольш складанымі праблемамі»,
— адзначыла Анастасія Махамет.
Падчас выступу былі ўзнятыя пытанні лячэння і рэабілітацыі пасля раненняў, легалізацыі, атрымання грамадзянства, прававога і сацыяльнага статусу замежных ветэранаў, а таксама падтрымкі сем’яў загінулых, зніклых без вестак і палонных вайскоўцаў.
Асобная ўвага была нададзеная беларускім добраахвотнікам, якія пасля службы не могуць бяспечна вярнуцца ў Беларусь, але пры гэтым часта не маюць зразумелага механізму, які дазваляў бы ім застацца і працягнуць жыццё ва Украіне.
У дыскусіі таксама выступіў Руслан Мірашнічэнка, заснавальнік і былы камандзір 2-га Інтэрнацыянальнага легіёна абароны Украіны. Ён звярнуў увагу на сістэмныя праблемы працы з замежнымі добраахвотнікамі: адсутнасць адзіных стандартаў, дакументаў на зразумелых мовах, адаптаванага медыцынскага суправаджэння, празрыстых магчымасцяў кар’ернага росту, у прыватнасці атрымання афіцэрскіх пасад, і наладжанай камунікацыі з сем’ямі загінулых і зніклых без вестак.«Украіна дэкларуе намер павялічыць колькасць замежнікаў у войску, але дагэтуль не стварыла адзінай дзяржаўнай сістэмы іх прыцягнення, праходжання службы і далейшай абароны»,
— адзначыў Руслан Мірашнічэнка.
Асобна ўдзельнікі абмеркавалі статус замежных добраахвотнікаў у расійскім палоне, права ўдзельнікаў баявых дзеянняў на пастаяннае пражыванне і грамадзянства, а таксама неабходнасць улічваць заканадаўства краіны паходжання добраахвотніка пры арганізацыі рэкрутынгу.
Удзел беларускіх добраахвотнікаў зрабіў дыскусію асабліва практычнай: гаворка ішла не пра тэарэтычныя мадэлі, а пра рэальныя праблемы, з якімі людзі сутыкаюцца падчас службы і пасля яе.
Для Прадстаўніцтва па сацыяльнай палітыцы гэтая праца — не толькі абарона правоў беларусаў. Мы зацікаўленыя ў перамозе Украіны і лічым, што сістэмная і адказная палітыка ў дачыненні да ўсіх замежных добраахвотнікаў — неабходная ўмова даверу і развіцця інтэрнацыянальнага складніка Сіл абароны Украіны.



