Павел Латушка выступіў на адкрыцці фестывалю «TUTAKA»
2026-07-18
Ва ўрочышчы Барык пад Гарадком у Падляшскім ваяводстве Польшчы адбылося афіцыйнае адкрыццё VI фестывалю беларускай культуры «TUTAKA».
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка на адкрыцці фестывалю ад імя Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі выказаў удзячнасць Прэзідэнту Польшчы Каралю Наўроцкаму за ганаровы патранат над фестывалем, Ураду Польшчы і прысутнаму тут яго прадстаўніку — Падляшскаму ваяводзе Яцаку Бжазоўскаму, Маршалку Падляшскага ваяводства Лукашу Пракорыму, прэзідэнту горада Беласток Тадэвушу Трускаляскаму, войту гміны Гарадок Веславу Кулешу за гасціннасць і тую дапамогу, якая аказваецца беларусам, што пражываюць у Польшчы.
«Дзякую за тое, што ў такія цяжкія часы для нас усіх, беларусаў, вы адкрылі для нас Польшчу, што мы можам тут жыць, працаваць, легалізавацца, але, вядома ж, і марыць, і змагацца за тое, каб вярнуцца на нашу радзіму».
Павел Латушка таксама падчас выступу адзначыў, што тут сабраліся свабодныя беларусы, якія хочуць жыць у свабоднай Беларусі.
«Важна памятаць, што мы працягваем змагацца за свабоду і волю для нашай роднай Беларусі. І ў бліжэйшы час, я думаю, ёсць усе шанцы на адкрыццё акна магчымасцяў. Бо Украіна ўсё мацней уводзіць дальнабойныя санкцыі па тэрыторыі Расійскай Федэрацыі. Гэта будзе мець уплыў як на Расію, так і на сітуацыю ў Беларусі. Таму мы павінны верыць і змагацца за вольную і свабодную Беларусь».
Павел Латушка падзякаваў Паўлу Станкевічу і ўсім, хто арганізоўвае «TUTAKA» і аб’ядноўвае беларусаў на гэтым выбітным фестывалі.
Таксама Павел Латушка асобна прывітаў былога палітвязня Паўла Севярынца і ўсіх вызваленых палітвязняў.
«Я вельмі рады, што вы на свабодзе, але мы працягваем змагацца за свабоду кожнага і кожнай беларуса і беларускі.
Жыве Беларусь!»
Фестываль «TUTAKA» праходзіць ва ўрочышчы Барык у гміне Гарадок Падляшскага ваяводства з 16 па 19 ліпеня.



