Дырэкцыя Музея Грунвальдскай бітвы не выключае магчымасці ўсталявання беларускай бел-чырвона-белай харугвы на Грунвальдскім полі
2026-07-15
Кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская, намеснік кіраўніцы АПК, кіраўнік НАУ Павел Латушка і прадстаўнік Кабінета па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі атрымалі адказы ад дырэкцыі Музея Грунвальдскай бітвы на свае звароты ў падтрымку ініцыятывы па ўсталяванні беларускай бел-чырвона-белай харугвы побач са сцягамі Польшчы, Літвы і Украіны на Грунвальдскім полі.
У звароце, які Павел Латушка накіраваў у дырэкцыю Музея, ён адзначыў:«Грунвальдская бітва 1410 года застаецца адной з найважнейшых падзей у гісторыі народаў Цэнтральна-Усходняй Еўропы, а таксама сімвалам супрацоўніцтва, салідарнасці і сумеснай абароны свабоды ад знешняй агрэсіі. У гэтай перамозе істотны ўдзел бралі і харугвы Вялікага Княства Літоўскага, сфармаваныя на землях сучаснай Беларусі, у тым ліку ў Мінску, Полацку, Віцебску, Гродне, Навагрудку і іншых гарадах.
Усталяванне бел-чырвона-белага штандара побач са сцягамі Польшчы, Літвы і Украіны было б не толькі актам гістарычнай справядлівасці, але і важным жэстам салідарнасці з беларускім народам, які таксама ўспрымае Грунвальд як частку сваёй гістарычнай і культурнай спадчыны». (с)
У адказе, атрыманым 15 ліпеня, дырэктар музея Шыман Дрэй паведаміў, што ўстаноўка дадатковага флагштока пакуль немагчымая праз неабходнасць праходжання адміністрацыйных працэдур і атрымання шэрагу дазволаў. Ён адзначыў, што поле Грунвальдскай бітвы з прычыны сваёй гістарычнай значнасці знаходзіцца пад асаблівай аховай Вармінска-Мазурскага ваяводскага ўпраўлення аховы помнікаў.«У адказ на Ваш зварот мы правялі папярэднюю кансультацыю з Ваяводскім упраўленнем аховы помнікаў і з прыкрасцю вымушаны паведаміць, што на дадзены момант няма магчымасці ўсталяваць дадатковы флагшток на пагорку з помнікам».(с)
У адказе таксама было падкрэслена, што Музей Грунвальдскай бітвы ў Стэнбарку цалкам салідарызуецца з усімі імкненнямі беларусаў да свабоды і захавання ўласнай гістарычнай ідэнтычнасці.«Я спадзяюся, што кіраўніцтва Ваяводскага ўпраўлення аховы помнікаў прыме станоўчае рашэнне, і ў будучыні бел-чырвона-белы сцяг будзе лунаць над Грунвальдскім полем і на ўсіх урачыстых мерапрыемствах, прысвечаных гэтай гістарычнай перамозе.
Мы таксама накіруем ліст у Ваяводскае ўпраўленне аховы помнікаў з просьбай узгадніць неабходныя працэдуры і выдаць дазвол на ўсталяванне сцяга»,(с)
— адзначыў намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка.
Таксама ў 2006 годзе, будучы амбасадарам Беларусі ў Польшчы, Павел Латушка ад імя Беларусі афіцыйна падпісваў дэкларацыю аб сумеснай гістарычнай спадчыне Грунвальдскай бітвы.
Акрамя таго, падчас працы на пасадзе міністра культуры Павел Латушка ў 2010 годзе суфінансаваў мерапрыемствы, прысвечаныя Грунвальдскай бітве, якія праходзілі ў Падляшскім ваяводстве. Міністэрства культуры Беларусі фінансавала выезд беларускіх рэканструктараў у Польшчу.




