Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Каментар намесніка кіраўніцы АПК Паўла Латушкі адносна пачатку перамоваў у Венесуэле

2026-07-15

Пачатак афіцыйных перамоваў паміж часовым урадам Венесуэлы і апазіцыяй, запланаваны на 1 жніўня, у чарговы раз даказвае гістарычную аксіёму: любы аўтарытарны рэжым рана ці позна ўпіраецца ў сцяну, за якой адзіным выйсцем становіцца дыялог.

Нават пасля жорсткіх рэпрэсій, узурпацыі ўлады і спробаў зачысціць палітычнае поле, цяперашнія пераемнікі рэжыму Мадура вымушаны садзіцца за стол перамоваў з апазіцыяй ва ўмовах найглыбейшага сістэмнага крызісу. У Венесуэле гэты крызіс абвастрыўся з-за маштабнай прыроднай катастрофы, якая агаліла бездапаможнасць дзеючых уладаў. У Беларусі рэжым заганяе сябе ў тупік масавымі рэпрэсіямі, саўдзелам у агрэсіі супраць Украіны, гібрыднай агрэсіяй супраць ЕС, нарастаючай міжнароднай і эканамічнай ізаляцыяй, паглыбленнем залежнасці і паступовай здачай сувернітэту на карысць Расіі.

Аднак венесуэльскі прэцэдэнт з’яўляецца чарговым урокам, які мы ўсе маем магчымасць вывучыць у прамым эфіры. Як намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і прадстаўнік Кабінета па транзіце ўлады, прытрымліваюся падыходу: нацыянальны дыялог з’яўляецца найбольш эфектыўным спосабам выхаду з палітычнага крызісу і мірнага дэмакратычнага транзіту. Мадэль Круглага стала — гэта прагматычны інструмент, які дазволіць правесці неабходныя рашэнні і рэформы цывілізавана і суверэнна, у межах прававога поля, не дапускаючы дэстабілізацыі дзяржавы і знешняга ўмяшання.

Венесуэльскі сцэнарый таксама наглядна паказвае, што і без дыктатара яго пераемнікі ўсё роўна будуць вымушаны размаўляць з прадстаўнікамі альтэрнатыўных сіл, каб легітымізаваць унутраны палітычны працэс на міжнароднай арэне. Беларускія дэмакратычныя сілы сёння маюць прызнаныя міжнароднай супольнасцю інстытуты — Аб’яднаны Пераходны Кабінет і Каардынацыйную Раду. Мы з’яўляемся паўнавартасным і легітымным суб’ектам для Круглага стала.

Пры гэтым важна разумець, што перамовы ў Каракасе сталі магчымымі дзякуючы жорсткай і паслядоўнай пазіцыі дэмакратычных дзяржаў. Ціск, санкцыі і непазбежнасць адказнасці за злачынствы не зачыняюць дзверы для дыпламатыі, а насупраць — прымушаюць рэжым да рэальных крокаў. Спалучэнне моцнага знешняга ціску і гатоўнасці дэмакратычных сіл да дыялогу — гэта тое, што здольна пасадзіць беларускі рэжым за стол перамоваў.

Рана ці позна рэжыму давядзецца пайсці па гэтым шляху, якім сёння ідзе Венесуэла. Але чым хутчэй чыноўнікі ў Мінску зразумеюць, што Круглы стол — гэта адзіны шанец на цывілізаваны выхад з тупіка, тым менш страт панясе наша грамадства, дзяржава і эканоміка праз цяперашнюю палітыку рэжыму.

Main carousel image