Намесніца прадстаўніцы АПК па сацыяльнай палітыцы Анастасія Махамет выступіла на пасяджэнні Часовай следчай камісіі Вярхоўнай Рады Украіны
2026-07-15
13 ліпеня адбылося пасяджэнне Часовай следчай камісіі Вярхоўнай Рады Украіны па пытаннях расследавання магчымых парушэнняў заканадаўства Украіны ў сферы абароны, антыкарупцыйнага заканадаўства, а таксама захавання правоў і свабод чалавека падчас дзеяння ваеннага стану.
У пасяджэнні прынялі ўдзел намесніца прадстаўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета па сацыяльнай палітыцы па пытаннях працы з беларускімі добраахвотнікамі і іх сем'ямі Анастасія Махамет, а таксама прадстаўніца фонду BYSOL ва Украіне, валанцёрка Марыя Анімія.
Па выніках слуханняў прадстаўнікі Часовай следчай камісіі папрасілі падрыхтаваць пісьмовыя прапановы па змяненні заканадаўства і падзаконных актаў. У Камісіі таксама заявілі пра гатоўнасць прапрацаваць іх сумесна з Кабінетам Міністраў Украіны, Дзяржаўнай міграцыйнай службай і Нацыянальным банкам Украіны, а пры неабходнасці — ініцыяваць адпаведныя заканадаўчыя змены.
Падчас выступлення былі прадстаўлены як сістэмныя праблемы, з якімі сутыкаюцца беларускія добраахвотнікі, іх сем'і і іншыя грамадзяне Беларусі ва Украіне, так і прапановы па іх вырашэнні.
Прапанаваныя змены датычацца некалькіх ключавых напрамкаў.
1️⃣ Легалізацыя і міграцыйны статус
Прапанавана ўдасканаліць механізмы легалізацыі для беларусаў, якія не могуць бяспечна атрымаць або абнавіць беларускія пашпарты, у тым ліку праз удасканаленне дзеяння пастановы Кабінета Міністраў № 141. Таксама ўзнята пытанне магчымасці легальнага пражывання і атрымання дакументаў без неабходнасці звяртацца ў дзяржаўныя органы Беларусі, калі гэта стварае пагрозу палітычнага пераследу.
2️⃣ Сацыяльныя гарантыі
Асобная ўвага была нададзена неабходнасці ўнясення змяненняў у пастановы Кабінета Міністраў № 884 і №168, каб грамадзяне Беларусі не гублялі права на сацыяльныя выплаты толькі праз сваё грамадзянства. Падчас слуханняў таксама ўздымаліся пытанні выплат сем'ям зніклых без вестак і загінулых беларускіх добраахвотнікаў.
3️⃣ Банкаўскія паслугі
Удзельнікі слуханняў звярнулі ўвагу на неабходнасць ліквідацыі абмежаванняў, якія не дазваляюць многім грамадзянам Беларусі адкрываць банкаўскія рахункі і, як следства, афіцыйна працаўладкоўвацца ва Украіне.
4️⃣ Дакументальныя працэдуры
Асобна абмяркоўваліся праблемы, звязаныя з патрабаваннем даведак аб несудзімасці, а таксама з немагчымасцю абнавіць беларускія пашпарты без рызыкі палітычнага пераследу. Было падкрэслена, што гэтыя працэдуры патрабуюць асобных прававых рашэнняў.
5️⃣ Прабелы ў заканадаўстве
Анастасія Махамет асобна звярнула ўвагу на прававую няроўнасць, якая закранае беларусак, што знаходзяцца ў шлюбе з грамадзянамі Украіны. Паводле дзеючых нормаў асобныя механізмы легалізацыі дзейнічаюць для жонак вайскоўцаў, але не распаўсюджваюцца на беларусак, чые мужы — звычайныя грамадзяне Украіны.
Падчас выступлення Анастасія Махамет задала пытанне:«Чым жонкі звычайных грамадзян Украіны горшыя за жонак вайскоўцаў?»
Таксама было адзначана, што прапанаваныя змены павінны ўлічваць не толькі патрэбы сем'яў вайскоўцаў, але і іншых грамадзян Беларусі, якія не могуць бяспечна абнавіць пашпарты і праз гэта рызыкуюць страціць легальны статус ва Украіне.



