Святлана Ціханоўская і Прадстаўніцтва АПК па нацыянальным адраджэнні падтрымалі ініцыятыву па ўсталяванні бел-чырвона-белай харугвы на Грунвальдскім полі
2026-07-15
Кіраўніца Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Святлана Ціханоўская і прадстаўнік АПК па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі звярнуліся да польскіх уладаў і кіраўніцтва Музея Грунвальдскай бітвы з падтрымкай грамадскай ініцыятывы па ўсталяванні на Грунвальдскім полі беларускай бел-чырвона-белай харугвы.
Ініцыятыва, пад якой ужо сабрана больш за тысячу подпісаў, прапануе ўсталяваць беларускую бел-чырвона-белую харугву побач са сцягамі Польшчы, Літвы і Украіны — як сімвал унёску беларусаў у агульную перамогу ў Грунвальдскай бітве і гістарычнай пераемнасці беларускай дзяржаўнасці.
У сваім лісце прадстаўнік АПК па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі адзначыў, што ўдзел харугваў, сфармаваных на беларускіх землях, у Грунвальдскай бітве быў важнай часткай агульнай перамогі. Сёння, калі бел-чырвона-белая сімволіка забароненая ў Беларусі, яе з'яўленне на Грунвальдскім полі стала б не толькі напамінам пра агульную гісторыю, але і знакам салідарнасці з беларусамі:«Размяшчэнне на Грунвальдскім полі гістарычнай бел-чырвона-белай харугвы, якая сёння забароненая ў Беларусі і з'яўляецца сімвалам барацьбы беларусаў за свабоду і дэмакратыю, стала б неацэнным жэстам салідарнасці з боку польскага народа і Дырэкцыі Музея». (с)
У сваім звароце Святлана Ціханоўская таксама падкрэсліла значэнне Грунвальдскай бітвы як часткі агульнай гісторыі народаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Яна адзначыла, што для беларусаў гэта адна з ключавых падзей нацыянальнай гісторыі, а бел-чырвона-белы сцяг сімвалізуе гістарычную пераемнасць беларускай дзяржаўнасці і сучасную барацьбу за свабоду:«Кожны год сотні беларусаў прыязджаюць на Грунвальдскае поле, каб ушанаваць гэтую перамогу. На жаль, у самой Беларусі ўлады мэтанакіравана выціскаюць памяць пра Грунвальдскую бітву і замяняюць яе расійскімі гістарычнымі наратывамі. Таму так важна захаваць гэтае месца як сімвал нашай агульнай еўрапейскай гісторыі».
(с)
Падтрымаць ініцыятыву можна па спасылцы.



