Сустрэча ў канцылярыі Прэзідэнта Польшчы
2026-07-14
Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка і дырэктар Офіса Святланы Ціханоўскай у Вільні Дзяніс Кучынскі правялі сустрэчу з Дзяржсакратаром, кіраўніком Бюро міжнароднай палітыкі у канцылярыі Прэзідэнта Польшчы Марцінам Пшыдачам.
Падчас сустрэчы прадстаўнікам канцылярыі Прэзідэнта была прадстаўлена інфармацыя пра рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі, на падставе дадзеных праваабарончых арганізацый, а таксама пра здзяйсненне рэжымам Лукашэнкі трансгранічных злачынстваў у дачыненні да беларусаў, якія пражываюць у Польшчы.
Асобна бакі абмеркавалі вынікі выбараў у Каардынацыйную Раду Беларусі.
Павел Латушка і Дзяніс Кучынскі падкрэслілі важнасць працягу палітыкі ціску на рэжым Лукашэнкі, паколькі ён не змяняе сваёй унутранай рэпрэсіўнай палітыкі, а таксама працягвае падтрымліваць агрэсію супраць Украіны.
Павел Латушка перадаў інфармацыю польскаму боку пра дзеянні рэжыму, звязаныя з падрыхтоўкай да ўдзелу ў гарачай фазе агрэсіі супраць Украіны. Інфармацыя была прадстаўлена на падставе дакладу, падрыхтаванага НАУ. Прадстаўнікам канцылярыі Прэзідэнта Польшчы таксама была даведзена інфармацыя пра супольную нараду па бяспецы ў сувязі з магчымай эскалацыяй вакол Беларусі, якая прайшла 10 ліпеня 2026 года ў Аб’яднаным Пераходным Кабінеце.
Польскаму боку было прадстаўлена бачанне правядзення нацыянальнага дыялогу ў Беларусі з выкарыстаннем інструмента круглага стала. Было адзначана на прыкладзе гістарычных падзей 1989 года ў Польшчы, што гэты інструмент дапамог польскаму народу перайсці ад дыктатуры да сучаснай еўрапейскай дэмакратыі.
Павел Латушка і Дзяніс Кучынскі падзякавалі Дзяржсакратару Марціну Пшыдачу за падтрымку і адзначалі важнасць таго, што ў Польшчы захоўваецца супольны падыход як Прэзідэнта краіны, так і Урада наконт падтрымкі дэмакратычных сіл і будучых дэмакратычных змен у Беларусі.
Таксама была выказана ўдзячнасць ад імя Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і Офіса Святланы Ціханоўскай Прэзідэнту Польшчы Каралю Наўроцкаму за працяг традыцыі каляднага прыёму прадстаўнікоў беларускай супольнасці ў Прэзідэнцкім палацы, які ладзіцца ад імя прэзідэнта Польшчы, а таксама за падтрымку вольнай і дэмакратычнай Беларусі.



