Падтрымка працэсу прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць беларусаў абмеркавана з амбасадарам Новай Зеландыі
2026-07-09
Магчымая падтрымка Новай Зеландыяй працэсу ў Міжнародным крымінальным судзе па прыцягненні да міжнароднай крымінальнай адказнасці вышэйшага кіраўніцтва рэжыму Лукашэнкі за злачынствы супраць чалавечнасці стала галоўнай мэтай сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі з амбасадарам Новай Зеландыі ў Польшчы, акрэдытаваным таксама ў Грузіі, Латвіі, Літве, Эстоніі і Украіне, Полам Балантайнам.
Падчас сустрэчы была прадстаўлена прававая стратэгія па прыцягненні да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за міжнародныя злачынствы. Таксама Павел Латушка паінфармаваў аб маштабе транснацыянальных рэпрэсій, якія здзяйсняе рэжым Лукашэнкі супраць беларускага народа. Амбасадар Новай Зеландыі адзначыў, што перадасць дадзеную інфармацыю ў Велінгтан.
Асобна Павел Латушка паінфармаваў Пола Балантайна аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Было адзначана, што ў краіне не спыняюцца рэпрэсіі, новыя і новыя асобы прызнаюцца палітзняволенымі, не дзейнічаюць непадкантрольныя рэжыму палітычныя партыі, ліквідаваны больш за 2 тысячы няўрадавых арганізацый, а таксама ў Беларусі не працуюць незалежныя СМІ.
Бакі падкрэслілі, што незваротнасць пакарання за парушэнні міжнароднага права з’яўляецца падмуркам для аднаўлення справядлівасці і гарантыяй бяспекі ў рэгіёне, таму сумесныя намаганні міжнародных партнёраў у кірунку правасуддзя маюць вырашальнае значэнне.
Асабліва амбасадара Новай Зеландыі цікавіла сітуацыя з падтрымкай рэжымам Лукашэнкі расійскай агрэсіі супраць Украіны. Павел Латушка прадставіў інфармацыю на аснове даклада НАУ «Сістэмная падрыхтоўка рэжыму Лукашэнкі да магчымага ўступлення ў вайну на баку Расіі і рэкамендацыі па прадухіленні гэтага сцэнарыя», які таксама будзе перададзены ў Міністэрства замежных спраў Новай Зеландыі.
Дадаткова ў амбасаду Новай Зеландыі былі перададзены справаздача праваабарончага цэнтра «Вясна» пра рэпрэсіі ў Беларусі, а таксама даклад «Пра рэальны маштаб палітычных рэпрэсій у Беларусі», падрыхтаваны BELPOL, Прадстаўніцтвам Кабінета па сацыяльнай палітыцы і ініцыятывай «Volnyja» з выкарыстаннем матэрыялаў праваабарончых арганізацый «Dissidentby» і «Вясна».



