Практычна завершана легалізацыя ў Польшчы ўсіх дэпартаваных у снежні 2025 года беларускіх палітвязняў
2026-07-08
У ходзе сустрэчы намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегат Каардынацыйнай Рады Павел Латушка падзякаваў кіраўніку Ведамства па справах іншаземцаў Польшчы Томашу Цытрыновічу за аператыўны разгляд зваротаў па пытаннях легалізацыі практычна ўсіх былых палітычных зняволеных, дэпартаваных у снежні 2025 года з тэрыторыі Беларусі ва Украіну і пазней перамешчаных на тэрыторыю Польшчы.
У сустрэчы таксама прынялі ўдзел дэлегат Каардынацыйнай Рады Міхаіл Кірылюк і кіраўніца дэпартамента прававой дапамогі Цэнтра Беларускай Салідарнасці Вольга Дабравольская.
Падчас сустрэчы былі абмеркаваны два кейсы былых палітзняволеных, якія на дадзены момант не атрымалі свайго прававога рашэння. Па адным з іх дасягнута дамоўленасць, што не будзе прымяняцца дублінская працэдура і разгляд аб прадстаўленні міжнароднай абароны адбудзецца на тэрыторыі Польшчы. У сваю чаргу другі кейс знаходзіцца ў працэдуры абскарджання ў Радзе па справах уцекачоў. Па гэтай сітуацыі Павел Латушка накіруе хадайніцтва ў адрас Рады з просьбай не ажыццяўляць дублінскую працэдуру.
Таксама пазітыўна вырашаны кейсы двух грамадзян Беларусі па аднаўленні разгляду іх спраў аб атрыманні міжнароднай абароны, разгляд якіх працягваецца ўжо больш за адзін год, за што Павел Латушка выказаў удзячнасць Томашу Цытрыновічу.
Падчас сустрэчы зноў абмяркоўвалася пытанне аб падаўжэнні тэрміну дзеяння дакумента падарожніка, які выдаецца грамадзянам Беларусі на адзін год. Кіраўнік Ведамства па справах іншаземцаў Польшчы адзначыў, што для практычнай рэалізацыі гэтага неабходны адпаведныя заканадаўчыя змены. Павел Латушка адзначыў, што ініцыюе асобную сустрэчу з кіраўніцтвам Міністэрства ўнутраных спраў Польшчы для таго, каб зноў абмеркаваць магчымасць унясення зменаў у закон аб іншаземцах, які дазволіў бы выдаваць праязны дакумент не менш чым на два гады.
Таксама Кіраўнік Ведамства звярнуў увагу, што колькасць рашэнняў аб прадастаўленні міжнароднай абароны ў апошні час пачынае перавышаць колькасць зваротаў грамадзян Беларусі па атрыманне дадзенага статусу і да канца года сітуацыя будзе яшчэ паляпшацца.
Удзельнікі сустрэчы звярнулі увагу на выпадкі адмовы ў міжнароднай абароне са спасылкай на нібыта заканчэнне тэрмінаў даўнасці па крымінальнай адказнасці за ўдзел у пратэстах у 2020 годзе. Было адзначана, што гэта не паляпшае прававое становішча беларусаў, а наадварот — пагаршае. У беларускай сітуацыі заканчэнне тэрмінаў даўнасці не азначае адмовы ад крымінальнага пераследу, бо так званыя праваахоўчыя органы перакваліфікоўваюць крымінальныя справы на больш цяжкія артыкулы, якія прадугледжваюць даўжэйшыя тэрміны зняволення.
Ведамству па справах іншаземцаў Польшчы была перададзена справаздача праваабарончага цэнтра «Вясна» пра рэпрэсіі ў Беларусі, а таксама даклад «Пра рэальны маштаб палітычных рэпрэсій у Беларусі», падрыхтаваны BELPOL, Прадстаўніцтвам Кабінета па сацыяльнай палітыцы і ініцыятывай «Volnyja» з выкарыстаннем матэрыялаў праваабарончых арганізацый «Dissidentby» і «Вясна».
Як падкрэсліў Павел Латушка, у дакладзе Спецыяльнага дакладчыка ААН, адзначаецца, што «Беларусь працягвае сістэматычна і груба парушаць свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, працягваючы палітычна матываваныя рэпрэсіі і цалкам падаўляючы свабоду выказвання меркаванняў, сходаў і асацыяцый».
Павел Латушка звярнуўся з просьбай да кіраўніцтва Ведамства па справах іншаземцаў улічваць працяг рэпрэсій ў Беларусі пры разглядзе рашэнняў аб прадастаўленні міжнароднай абароны грамадзянам Беларусі.
Таксама падчас сустрэчы былі перададзены матэрыялы па прадастаўленні міжнароднай абароны шэрагу былых артыстаў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, якія сёння працуюць у трупе «Вольныя Купалаўцы», з просьбай аб прыняцці станоўчага рашэння па гэтых зваротах.



