7 ліпеня — Дзень беларускай культуры
2026-07-07
7 ліпеня, паводле юліянскага календара, адзначаецца адно з найпрыгажэйшых беларускіх святаў Купалле, а да таго ж у гэты дзень нарадзіўся шэраг выбітных беларусаў, што спрыялі фармаванню нашай нацыі. Гэта Янка Купала, які сваёй паэзіяй дапамог беларусам адчуць сябе народам ды пачуць сваю мову як мову годнасці, Марк Шагал, што ўвекавечыў Віцебск на сваіх палотнах, Ян Чачот, які збіраў беларускі фальклор і замацоўваў беларускую граматыку. Упершыню Дзень беларускай культуры быў адзначаны
7 ліпеня 2021 года з ініцыятывы Беларускай Рады культуры.
Гэта тое, што ад пакалення да пакалення захоўвае нашую нацыю, нашыя каштоўнасці, наш досвед і што вызначае нас як унікальны народ. Культура – гэта нашая бяспека, гэта наш прагрэс, гэта нашыя спосаб мыслення і спосаб дзеяння, гэта захаванне ідэнтычнасці і сувязі са сваёй спадчынай незалежна ад месцазнаходжання, гэта супрацьстаянне спробам уплыву.
Культура — у кожнай сферы: ад адукацыі да войска, ад дыпламатыі да камунікацыі з суседзямі, ад кухні да выбараў, якія мы робім штодзень. Толькі культура ў яе шырокім разуменні здольна даць адказ на пытанне: хто мы?
Унутры краіны дзяржава не стварае дастатковых умоваў для паўнавартаснага развіцця нацыянальнай культуры, а часта наадварот — выціскае беларускую мову і культуру з адукацыі, медыя, публічнай прасторы і штодзённага жыцця, замяняючы на “больш моцную” культуру суседа. Гэта нонсэнс для народа, які фармальна мае ўсё, каб звацца самастойным, але з-за гэтага нашая ідэнтычнасць вельмі размытая.
Беларуская культура не знікне за адзін дзень. Але яна можа паступова стаць “непатрэбнай”: калі ёй не карыстаюцца, калі яе не перадаюць дзецям, калі яе не падтрымліваем мы — беларусы: чытачы і гледачы, маленькія і дарослыя, адукатары і самі творцы, супольнасці, бізнес і медыя.
Мы не можам спадзявацца, што нехта мацнейшы, багацейшы ці больш уплывовы прыйдзе і захавае беларускую культуру замест нас. Калі яна патрэбная нам – мы павінны гэта даказаць дзеяннем.
Культура жыве, пакуль яна мае для нас значэнне.“На жаль, рэжымы ў Беларусі і Расеі часта лепш разумеюць значэнне культуры, чым нават дэмакратычнае асяроддзе: у іх руках так званая “мяккая сіла” становіцца выразнай “цвёрдай сілай”. Пакуль у дачыненні да беларускай культуры стасуецца магутны арсенал спосабаў яе абмежавання і перафарматавання, дабрабыт незалежнай культуры аддадзены несістэмнай самаарганізацыі культурніцкай супольнасці. Гэта аслабляе не толькі насычанасць календара падзей, але і нашую ідэнтычнасць, нашую абароненасць ад чужых уплываў ды аб’яднанасць нацыі”,
— каментуе намесніца кіраўніка ў нацыянальным адраджэнні па справах культуры Ірэна Кацяловіч.
Перайсці ад культуры шкадавання да культуры адказнасці. Гэта адказнасць за тое, што мы спажываем, што захоўваем, што перадаём наступным пакаленням. Нам самім важна падтрымліваць нашу кульутру: карыстацца беларускай мовай, чытаць беларускіх аўтараў, слухаць беларускую музыку, хадзіць на беларускія падзеі, падтрымліваць творцаў, вучыць дзяцей беларускасці, ствараць новыя сэнсы, творы, практыкі, а таксама новыя традыцыі. У тым ліку гэта і пра салідарную фінансавую падтрымку — калі кожны і кожная робяць унёсак паводле сваіх магчымасцяў.
Беларуская культура — гэта інвестыцыя ў будучыню Беларусі.
#ЗахаваемКультуру



