Андрэй Лаўрухін: сёння галоўная праблема беларускай вышэйшай адукацыі — не кошт, а якасць і міжнароднае прызнанне
2026-07-02
Намеснік прадстаўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні ў пытаннях адукацыі і навукі Андрэй Лаўрухін пракаментаваў сітуацыю з вышэйшай адукацыяй у Беларусі.
Паводле яго слоў, па еўрапейскіх стандартах якасць беларускай вышэйшай адукацыі сёння выклікае сур'ёзныя пытанні. На гэта паўплывалі палітычныя рэпрэсіі, ізаляцыя краіны і праблемы з міжнародным прызнаннем беларускіх дыпломаў.«Па еўрапейскіх стандартах узровень беларускай адукацыі сёння даволі сумнеўны, у тым ліку з пункту гледжання палітычнай бяспекі. Але ў шэрагу тэхнічных спецыяльнасцяў — фізіцы, матэматыцы, медыцыне — ён па-ранейшаму даволі высокі»,
— адзначыў Андрэй Лаўрухін.
Ён таксама звярнуў увагу, што беларускія ўлады актыўна прасоўваюць адукацыйныя паслугі ў краінах Азіі, Афрыкі і на Блізкім Усходзе, робячы стаўку на адносна невысокі кошт навучання і вобраз Беларусі як краіны з «еўрапейскай адукацыяй». Аднак для студэнтаў з Еўропы беларускія ўніверсітэты амаль не з'яўляюцца прывабным выбарам.
Паводле Лаўрухіна, нават расійскія абітурыенты, для якіх штогод выдзяляюцца сотні бюджэтных месцаў у беларускіх ВНУ, не праяўляюць вялікай цікаўнасці да навучання ў Беларусі. Калі ж колькасць студэнтаў з Расіі і будзе расці, то, на яго думку, хутчэй праз жыццёвыя абставіны — доступ да інтэрнэту, ніжэйшы кошт жыцця і іншыя практычныя перавагі, — а не дзякуючы высокай якасці беларускай адукацыі.



