Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

26 чэрвеня адзначаецца Міжнародны дзень у падтрымку ахвяр катаванняў

2026-06-26

Сёння ў Беларусі 852 чалавекі прызнаныя палітычнымі зняволенымі і застаюцца за кратамі. Яны працягваюць сутыкацца з жорсткім абыходжаннем, катаваннямі і пазбаўленнем базавых правоў.

Прадстаўляем каментар прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы АПК Вольгі Зазулінскай, прымеркаваны да гэтага дня.

«26 чэрвеня — Міжнародны дзень у падтрымку ахвяр катаванняў. Для Беларусі гэта не фармальная дата. Ужо шосты год катаванні застаюцца часткай дзяржаўнай сістэмы пераследу.

Катаванні адбываюцца пасля затрыманняў, у СІЗА, калоніях і турмах. Людзей пазбаўляюць медыцынскай дапамогі, месяцамі трымаюць у ізаляцыі, разрываюць сувязь з роднымі, пакідаюць сем’і без інфармацыі пра тое, што адбываецца з іх блізкімі.

Пра гэта сведчаць і справы беларускіх палітвязняў, у тым ліку анархістаў Ігара Аліневіча, Дзмітрыя Дубоўскага, Дзмітрыя Разановіча і Сяргея Раманава. Пасля іх затрымання з’явіліся сведчанні пра жорсткае абыходжанне і катаванні.

Катаванні не заканчваюцца пасля збіцця. Яны працягваюцца праз шматгадовае ўтрыманне ў нечалавечых умовах, ШІЗА, адсутнасць лячэння, пазбаўленне сустрэч, лістоў і сувязі з адвакатамі і роднымі.

Ахвярамі гэтай сістэмы становяцца і сем’і палітвязняў. Яны гадамі жывуць у пастаяннай трывозе, чаканні навін, пошуку дапамогі і страху за сваіх блізкіх. Гэта таксама форма псіхалагічнага гвалту.

Наступствы катаванняў не заканчваюцца пасля вызвалення. Людзям патрэбныя медыцынская дапамога, псіхалагічная рэабілітацыя, бяспека, аднаўленне дакументаў, працы і сямейных сувязяў. Падтрымка патрэбная і іх родным.

Сёння важна гаварыць не толькі пра ўжо здзейсненыя злачынствы, але і пра тое, што катаванні працягваюцца цяпер. Пакуль палітвязні застаюцца без належнай медыцынскай дапамогі, без сувязі з роднымі і без прававой абароны, гэтая практыка не спыняецца.

Падтрымка ахвяр катаванняў — гэта не толькі словы салідарнасці. Гэта дакументаванне злачынстваў, дапамога пацярпелым і іх сем’ям, патрабаванне доступу да людзей за кратамі, медыцынскай дапамогі, спынення інкамунікада і вызвалення ўсіх, хто незаконна знаходзіцца ў зняволенні.

Катаванні не могуць быць унутранай справай дзяржавы. Ніводзін чалавек не павінен заставацца сам-насам з сістэмай, якая пазбаўляе яго годнасці, здароўя і голасу». (с)

Main carousel image