Змаганне рэжыму Лукашэнкі з беларускай культурай набыло беспрэцэдэнтныя маштабы
2026-06-26
«На працягу дзесяцігоддзяў Лукашэнка змагаўся з беларускай культурай, але зараз гэта набыло беспрэцэдэнтныя маштабы», — заявіў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, член беларускай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы Павел Латушка на пасяджэнні Камітэта ПАРЕ па культуры, навуцы, адукацыі і СМІ.
У ходзе свайго выступу Павел Латушка адзначыў, што культура сёння з’яўляецца адной з галоўных мішэняў палітычных рэпрэсій у Беларусі. Таксама яна стала асноўнай арэнай гібрыднай вайны Расіі супраць Беларусі, мэтай якой з’яўляецца перафарматаванне беларускай ідэнтычнасці
Падчас выступу Павел Латушка адзначыў, што паводле звестак Беларускага ПЭН-цэнтра, на сённяшні дзень палітзняволенымі з’яўляюцца як мінімум 117 прадстаўнікоў культурнай сферы. Пасля 2020 года па палітычных матывах былі звольненыя не менш за 428 дзеячаў культуры, а больш за 260 арганізацый, звязаных з культурным сектарам, былі ліквідаваны.
Акрамя таго было адзначана, што праекты, якія папулярызуюць беларускую культуру і гісторыю, падвяргаюцца мэтанакіраванаму пераследу з боку прапагандыстаў. Вядучыя незалежныя беларускія выдавецтвы на тэрыторыі краіны былі цалкам ліквідаваныя.
Працы беларускіх гісторыкаў, а таксама шэдэўры класікаў беларускай літаратуры былі ўнесеныя ў спісы «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Міністэрства інфармацыі рэжыму забараніла распаўсюд 258 кніг.
З 2019 па 2024 год колькасць назваў кніг на беларускай мове скарацілася з 1271 да 893, а іх агульны тыраж упаў амаль на 700 000 асобнікаў.
Таксама Павел Латушка падкэсліў, што ў 2024–2025 гадах пачалося сістэмнае паляванне на рэдактараў і адміністратараў беларускамоўнай Вікіпедыі. Колькасць новых артыкулаў на беларускай мове ў гэтай анлайн-энцыклапедыі знізілася да гістарычнага мінімуму. У грамадскім транспарце адмяняюцца аўдыяаб’явы на беларускай мове, а школы масава пераводзяцца на рускую мову. Назіраецца актыўны ціск і затрыманні гідаў за выкарыстанне беларускай мовы або за «няправільныя» гістарычныя ацэнкі.
Падча выступу адзначана, што беларускамоўныя тэатры праходзяць праз прымусовую русіфікацыю. Больш за 50 гісторыкаў былі звольненыя або вымушаныя з’ехаць з краіны. Ідзе актыўнае перапісванне беларускай гісторыі паводле расійскіх наратываў. Зносяцца помнікі беларускім нацыянальным героям, а на іх месцы ўсталёўваюцца фігуры з расійскай гісторыі.
«Доўгі час Захад разглядаў Беларусь пераважна праз прызму крызісу правоў чалавека, але гэта небяспечная памылка. Сёння культура і ідэнтычнасць — гэта лінія фронту».
У ходзе выступу Павел Латушка прадставіў прапановы ад Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Кабінета, Беларускай рады культуры і НАУ па падтрымцы беларускай культуры і ідэнтычнасці:
• Палітычнае прызнанне этнацыду і ўвядзенне санкцый.
• Стварэнне Еўрапейскага фонду беларускай культуры.
• Стварэнне асобнай падпраграмы для беларусаў на 2–3 гады ў межах праграмы «Крэатыўная Еўропа» (Creative Europe).
• Прадстаўленне мэтавых грантаў на лічбавізацыю беларускіх архіваў і кніг.
«Еўропа павінна заставацца адкрытай для беларускага грамадства, нават калі сама Беларусь пакуль застаецца закрытай для Еўропы», — рэзюмаваў Павел Латушка.
Поўны выступ Паўла Латушкі на пасяджэнні Камітэта ПАРЕ па культуры, навуцы, адукацыі і СМІ.
Павел Латушка выказвае падзяку Прадстаўніцтву Кабінета па нацыянальным адраджэнні, Беларускай радзе культуры, Народнаму антыкрызіснаму ўпраўленню і Беларускаму ПЭНу за садзейнічанне ў падрыхтоўцы матэрыялаў.



