26 чэрвеня 2022 года пад Лісічанскам адбыўся адзін з самых трагічных баёў у гісторыі Палка імя Кастуся Каліноўскага. У тым баі загінулі чатыры беларускія добраахвотнікі, а яшчэ двое — Ян «Тромблі» Дзюрбейка і Сяргей «Клешч» Дзёгцеў — трапілі ў расійскі палон. Хоць іх імёны былі ўключаны ва ўкраінскія спісы на абмен яшчэ ў 2022 годзе, расійскі бок дагэтуль адмаўляецца вярнуць беларускіх добраахвотнікаў. Іх лёс застаецца невядомым.
2026-06-26
У гадавіну паланення беларускіх добраахвотнікаў Тромблі і Клешча намесніца прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы АПК Анастасія Махамет нагадала пра лёсы беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца за свабоду Украіны і Беларусі, а таксама пра цану, якую многія з іх заплацілі за свой выбар.
Яе каментар — пра памяць, адказнасць і пра людзей, чые імёны не павінны быць забытыя:
«Сёння — чарговая гадавіна дня, калі беларускія добраахвотнікі Тромблі і Клешч трапілі ў расійскі палон.
Гэта адзін з самых цяжкіх дзён у гісторыі Палка імя Кастуся Каліноўскага. Дзень, які забраў жыцці нашых пабрацімаў, пакінуў боль, трывогу і пытанні, на якія дагэтуль няма адказаў. Да апошняга заставалася надзея, што хлопцаў удасца знайсці і вярнуць. Калі сувязь абарвалася, пачалося чаканне, у якім надзея змяшалася з бяссіллем.
Для нас Тромблі і Клешч — не проста імёны ў ваеннай хроніцы. Гэта нашы людзі, беларускія добраахвотнікі, якія пайшлі выконваць свой абавязак і заплацілі за гэта страшэнную цану.
У гэты дзень мы згадваем усіх, хто не вярнуўся, і тых, хто дагэтуль застаецца ў палоне. Іх лёсы не могуць быць забытыя, а іх імёны не павінны знікнуць з публічнай прасторы.
Наш абавязак — працягваць гаварыць пра беларускіх добраахвотнікаў у палоне, падтрымліваць іх сем’і і дамагацца ўвагі да іх лёсу. Бо за кожным імем стаіць чалавек, яго жыццё, яго выбар, яго служэнне і цана, якую ён заплаціў за свабоду.
Мы чакаем нашых людзей дадому.
Жыве Беларусь!» (c)



