Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Беларусы, якія знаходзяцца ў Польшчы на гуманітарных падставах, могуць запрашаць сваякоў праз консула на падставе натарыяльнага запрашэння

2026-06-22

«Калі казаць пра сітуацыю грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Рэспублікі Польшча на падставе гуманітарных віз, дазволаў на часовы побыт, атрыманых па гуманітарных прычынах, або дадатковай абароны, варта выразна падкрэсліць, што бліжэйшыя члены сем’яў гэтых асоб (бацькі, дзеці, дзядулі, бабулі, унукі) маюць магчымасць звяртацца па візы на падставе натарыяльна завераных запрашэнняў», — заяўляецца ў адказе Міністэрства замежных спраў Польшчы на адпаведны зварот намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, дэлегата Каардынацыйнай Рады Беларусі Паўла Латушкі.

Грамадзяне Беларусі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы на падставе дазволу на побыт па гуманітарных прычынах, звярнуліся да Паўла Латушкі з просьбай дапамагчы вырашыць праблему з запрашэннем сваякоў у Польшчу.

Праблема была ў тым, што пасля звароту ў консульства Польшчы ў Мінску з просьбай разгледзець магчымасць выдачы віз для бацькоў, быў атрыманы адказ, што асобы, якія маюць часовы від на жыхарства, могуць запрасіць сваіх бацькоў у Польшчу пры ўмове афармлення для іх запрашэння, зробленага ў Ваяводскім упраўленні. У сваю чаргу ў Ваяводскім упраўленні адказалі, што запрашэнне можа аформіць замежнік, які непасрэдна перад выдачай запрашэння легальна і бесперапынна пражываў не менш за 5 гадоў на тэрыторыі Рэспублікі Польшча, альбо мае дазвол на пастаянны побыт, альбо дазвол на побыт доўгатэрміновага рэзідэнта ЕС.

Адказваючы на зварот Паўла Латушкі з гэтай нагоды, МЗС Польшчы таксама адзначыў, што «ў перапісцы з консулам з мэтай прызначэння даты падачы візавай заявы гэтыя асобы павінны падаць поўную інфармацыю пра падставу атрымання права на жыхарства ў Польшчы. Консул, атрымаўшы толькі скан карты побыту з адзнакай "доступ да рынку працы", не можа вызначыць, ці была карта атрымана на падставе дазволу на часовы побыт і працу, ці па гуманітарных прычынах, якія таксама даюць права на працаўладкаванне, хоць сама падстава для падачы заявы на права на жыхарства зусім іншая. Каб консул мог прыняць правільнае рашэнне наконт прымянення прэферэнцыйнага шляху да канкрэтнай асобы, ён павінен валодаць поўнай інфармацыяй пра таго, хто запрашае. Магчымыя непаразуменні могуць быць вынікам адсутнасці поўнага бачання справы».

«Аб’яднаны Пераходны Кабінет выказвае ўдзячнасць МЗС Польшчы за спрыянне ў атрыманні візаў для сваякоў грамадзян Беларусі, у тым ліку тых, хто знаходзіцца ў Польшчы на падставе міжнароднай абароны, гуманітарных віз, дазволаў на часовы побыт, атрыманых па гуманітарных прычынах. Мы высока цэнім супрацоўніцтва з консульскім дэпартаментам МЗС Польшчы і консульскімі ўстановамі Польшчы за мяжой», — адзначыў Павел Латушка.

Main carousel image