Pahonia Logo
United Transitional Cabinet logo
Menu Пошук

Канчатковы разгром у Люксембургу: «Беларуськалій», БКК і Галаваты прайгралі чарговы суд ЕС

2026-06-18

18 чэрвеня 2026 года Суд Еўрапейскага саюза вынес канчатковае рашэнне па аб’яднанай справе калійных гігантаў і іх кіраўніцтва. Зняць санкцыі і размарозіць актывы не ўдалося. Суд цалкам адхіліў апеляцыі.

Еўрапейская Феміда аказалася глухой да аргументаў нанятых рэжымам юрыстаў пра тое, што фармулёўкі санкцый «невыразныя», а самі прадпрыемствы нібыта проста займаюцца эканомікай.

Чаму суд пакінуў санкцыі ў сіле?

Суд дэталёва распісаў, чаму ААТ
«Беларуськалій», ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК) і Іван Галаваты законна знаходзяцца ў «чорных спісах»:

Галоўны кашалёк рэжыму: «Беларуськалій» забяспечвае 20% сусветнага экспарту калію. Гэта ключавая крыніца валютнай выручкі для рэжыму. Суд пацвердзіў, што выплата шматмільённых дывідэндаў дзяржаве — гэта прамая фінансавая падтрымка рэжыму.

Трэйдар пад прыцэлам: БКК спрабавала даказаць, што яна толькі пасярэднік. Суд парыраваў: БКК валодае манапольным правам на экспарт і карыстаецца прэферэнцыямі ад дзяржавы. Акрамя таго, санкцыі супраць БКК неабходныя, каб «Беларуськалій» не мог абыходзіць абмежаванні праз гэтую кампанію.

Асабістыя сувязі Галаватага: Былы гендырэктар калійнага гіганта прызнаны асобай, якая асабіста атрымлівае выгаду з лаяльнасці рэжыму. Суд нагадаў пра яго крэсла у Савеце Рэспублікі, дзяржузнагароды з рук Лукашэнкі і ўваходжанне ва «ўзкае кола давераных асоб».

Рэпрэсіі супраць рабочых: Суд асобна вылучыў ролю кіраўніцтва ў падаўленні грамадзянскай супольнасці. Пасля выбараў 2020 года шахцёраў, якія абвясцілі забастоўку, запалохвалі, пазбаўлялі прэмій і звальнялі.

Цытата з матэрыялаў суда:
«Супрацоўнікі "Беларуськалія", якія бралі ўдзел у забастоўках і мірных пратэстах... падвергліся запалохванням і звальненням з боку кіраўніцтва кампаніі... Такім чынам, "Беларуськалій" нясе адказнасць за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці ў Беларусі».

«Рашэнне суда ЕС — гэта важны прэцэдэнт. Спроба аспрэчыць такія паняцці, як «падтрымка рэжыму Лукашэнкі», правалілася. Суд пацвердзіў: калі буйны бізнес корміць дыктатуру і душыць пратэсты ўласных рабочых, то еўрапейскія санкцыі супраць яго — абсалютна законныя, апраўданыя і прапарцыйныя.

Рашэнне канчатковае і абскарджванню не падлягае. Санкцыі ЕС застаюцца ў сіле»
, — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка.

Main carousel image